Пір пасля Грунвальдскай бітвы (фота)

У Дудутках прайшоў фестываль «Наш Грунвальд». Першы дзень фэсту завяршыўся канцэртам «Пір пасля бітвы».

2018_07_21_nasz_hrunvald_a._ljaszkevicz_0008_logo.jpg


Файна, што ў Мінску і недалёка ад яго адбываецца столькі цікавага, што паспець усюды папросту немагчыма. 21 ліпеня, удзень пагуляўшы на свяце «Эстонія 100»у Верхнім горадзе, пад вечар выправілася ў Дудуткі на фестываль «Наш Грунвальд». Ён праходзіў два дні, улучаў шматлікія імпрэзы для аматараў сярэднявечных баёў, рамёстваў, кухні, танцаў… Пра самыя адметныя цікавосткі распавёў НЧ перад фестывалем галоўны арганізатар Аляксандр Рак.



Першы дзень фэсту завяршыў канцэрт «Пір пасля бітвы». Для мяне імпрэза пачалася ўжо ў Верхнім горадзе сустрэчай з гуртом WIZARD, што аглядаў мінскія цікавосткі, нікуды не спяшаўся і з задавальненнем папазіраваў. На жаль, імкнучыся трапіць з Дудутак у Мінск пакуль ходзіць метро, іх выступ я так і не пабачыла. Затое ацаніла мерч.


Калі вам здаецца, што Дудуткі — няблізкі свет і дабрацца туды складана, то гэта і праўда, і не. Распавядалі, што ранкам у рэйсавы аўтобус «Мінсктранса» не ўсе змясціліся, а хто змясціўся, ехалі даволі ўшчыльнена (гадзіну). Быў варыянт трансферу з камфортам, па папярэднім запісе. Праўда, гэта каштавала амаль у чатыры разы даражэй. Самы танны і доўгі варыянт — цягнік да Рудзенска (гадзіна) і дармовы трансфер у Дудуткі (яшчэ паўгадзіны). Праўда, наконт дармовасці трансферу ўзніклі лёгкія сумнівы, калі на пасадцы жартавалі «Пять рублей, девушки». Ну, хоць з аўтобуса выпусцілі, у адрозненні ад кіроўцы начнога трансфера «Дудуткі — метро Магілёўская», які зачыніў дзверы (а метро спыняла працу праз 10 хвілін), каб патлумачыць, што ён «не ад арганізатараў» і «Няхай вам арганізатары пералічаць грошы за дарогу назад» (трансфер па спісах аплочваўся адразу ў два бакі).
Машын на стаянцы ў Дудутках таксама хапала. А вось аматараў ровараў не заўважыла. Хоць і доўга дабіралася, прапусціўшы амаль усе прэс-канферэнцыі, з’явілася ў Дудутках пад канец выступлення гурта СТАРЫ ОЛЬСА. Ужо не ведаю, ці жаданні музыкаў супалі з настроем публікі, ці наадварот, але на крыкі «Ліцвін! Ліцвін!» адной з апошніх і праўда зайграла гэта песня.

stary_olsa_2018_07_21_nasz_hrunvald_a._ljaszkevicz_0007_logo.jpg


Наступным быў расійскі гурт ЭПИДЕМИЯ. Шчыра прызнаюся, да фестывалю чула толькі альбом «Эльфійскі рукапіс». Адтуль прагучала «Всадник из льда». З хітоў, што запамінаўся і быў вядомы і не тое каб вялікім прыхільнікам гурта — «Феанор». Гралі рэчы з новага альбому, узгадвалі, як з імі спяваў Пётр Ялфімаў… Адчувалася, што выступаць у Беларусі музыкам прыемна.


Расійскі сэт працягнуў гурт МЕЛЬНИЦА. Ад іх выступу чакала, што ўскалыхнецца нейкая настальгія па першых альбомах, па тым, як слухалі іх у інтэрнаце гістфака БДУ… Але падобна, што Хэлавіса збольшага закрыла для сябе гэту тэму. Са старога прагучала «Ночная кобыла» (альбом «Перевал», 2005) і «Невеста полоза» (альбом «Зов крови», 2006). Аўтарка большасці песень і вакалістка гурта (сапраўднае імя — Наталля О’Шэй) — філолаг-індаеўрапеістка з навуковай ступенню. Заўсёды з захапленнем сачыла, як навуковыя веды могуць трансфармавацца ў творчасць. І якой трэба быць моцнай жанчынай, каб рэалізавацца і як маці, і як жонка, і як даследчыца, і як творчая асоба!


У мае студэнцкія гады Мельніца была, без перабольшвання, гуртом культавым. А якой вялікай падзеяй стаў іх канцэрт у клубе «Стэп» у 2006-м! І цяпер яшчэ некаторыя памятаюць. І «некаторыя» — гэта, паверце, не толькі я. Тады Хэлавіса выступала ў карункавым сарафане, з глыбокім дэкальтэ, яркім макіяжам і ўпрыгожваннямі. А цяпер — чорная закрытая сукенка, з упрыгожванняў — толькі зялёны пояс і заручальны пярсцёнак. Гэта ўпэўненная ў сабе жанчына, якой не трэба нікому нічога даказваць.
Гурт FOLCORE ўразіў гучаннем дуды і пакінуў адчуванне перманентнага творчага пошуку. Добра, што іх выступ перанеслі на час прыцемак. У хвалях светламузыкі дудар Уладзімір і вакаліст/гітарыст з дрэдамі Павел — беспройгрышная фотанатура! Фанаты жартавалі «А я ўсё чакаў, пакуль ён дрэдамі ў гітары заблытаецца». Яшчэ на выступе Folсore падлучылі вогненныя эфекты. У каверы на AC/DC пеў вакаліст культавага гомельскага гурта GODS TOWER Lesley Knife.

2018_07_21_nasz_hrunvald_a._ljaszkevicz_0067_logo.jpg


Публіка зрэагавала яшчэ большым ажыўленнем, а потым з энтузіязмам сустрэла кавер на LADY GAGA. Троху крыўдна, што каверы ў выкананні Folсore «заходзяць» публіцы лепш за ўласныя песні гурта. І справа тут не толькі ў прысутнасці на сцэне легендарнага Lesley. Я заўсёды «таплю» за фальклор і спадзяюся, што гурт яшчэ павернецца ў гэты бок.


Апошнімі, каго я пачула, быў легендарны ірландскі CRUACHAN. Здзівілася «цяжкасці» музыкі. Мабыць, праз ранейшы жаночы вакал было адчуванне, што гурт займаецца «абцяжарваннем» традыцыйных мелодый. А ў Дудутках выступілі мацёрыя металюгі з парай шырокавядомых ірландскіх полек і «па-сапраўднаму» блэк-металічнай праграмай. Разынку надаваў гук інструмента кшталту міні-скрыпкі. Пару песень з гуртом сыграў гомельскі дудар Аляксей Шкурапацкі. Недзе па дарозе згубіліся сцэнічныя строі музыкаў, таму яны выступалі ў «цывільным», а Аляксей — у кілце.


Ля сцэны рыхтавалі пляцоўку для выступу файршчыкаў пад AILLION, а мне прыйшоў час выпраўляцца дамоў (як высветлілася, прыгоды не сканчваюцца выдыхам з палёгкай «У метро паспела», але гэта ўжо іншая гісторыя).


Па папярэдніх ацэнках арганізатараў, наведвальнікаў на свяце было больш за 10 тысяч. Падобна, што наш «Грунвальд» — не толькі самы стары, а і адзін з самых камерцыйна паспяховых беларускіх фестываляў.
Фота Алены Ляшкевіч