Фотапраект «Нашы руіны»: Дзісна
Ці могуць упрыгожваць руіны нашы вёскі, мястэчкі, гарады? Могуць! У
гэтым я ўпэўнены. Мы ў самым маленькім горадзе Беларусі, у Дзісне. Прадстаўляем чарговы аб’ект фотапраекта пра нашы беларускія
руіны вядомага мастака і падарожніка Уладзіміра Цвіркі.
Здаецца і за мяжой бываем. Бачым, як там клапоцяцца пра свае руіны. Нават з іх, выгаду маюць, пад нешта прыстасоўваюць.
Па-гаспадарску палічыць — дык руйнаваць, зносіць,
закопваць намнога даражэй чым закансерваваць.
Сапраўдныя гаспадары, усім вядома, куды пайшлі і па якім шляху. Адзінкі вярнуліся. Але сёння вакол ёсць і сэрцы, і галовы, і рукі.
Памятаеце, каб не знеслі нейкі касцёл ці царкву, што рабілі людзі? Браліся за рукі і станавіліся кругам вакол святыні.
Відаць, на двары той час, калі трэба брацца за рукі і станавіцца вакол тых адзінак, сведак нашага слаўнага мінулага, каб зберагчы іх.
Паціху нешта гарыць, руйнуецца, апранаецца ў сайдынг. Вось цікава, а ці ёсць узбуджаныя крымінальныя справы па такіх «справах», на такіх «гаспадароў»?
Захаваць! І толькі! Нашы нашчадкі, я ўпэўнены, будуць у гэтай справе намнога разумнейшымі за нас, будуць ГАСПАДАРАМІ!
Хацелася б, каб яны казалі пра нас: «..добрыя, у нас продкі былі. Бераглі і захоўвалі..». А як далей будзе — яны разбяруцца і лепей за нас.