Купала і Колас ў творчасці Міколы Купавы
Вечарам 23 траўня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя альбомаў мастака Міколы Купавы, прысвечаных жыццю і дзейнасці класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Вокладка альбомаў Міколы Купавы. Фота Марата Гаравога
У двух альбомах змешчаны рэпрадукцыі 47 твораў графікі выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча, створаныя за чвэрць стагоддзя, у 1972–1997 гадах. На гравюрах зафіксаваны вобразы Купалы і Коласа, памятныя мясціны іх творчасці ў Беларусі і Вільне (Літва), звязаныя з нашаніўскім перыядам беларускага нацыянальнага адраджэння. Акрамя таго, у альбомы ўвайшлі працы, навеяныя паэзіяй класікаў айчыннай літаратуры.
Як адзначыў МіколаКупава, у яго лістах прадстаўлены як рэканструкцыі помнікаў архітэктуры, так і захаваныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці — сведкі жыцця і дзейнасці Купалы і Коласа, а таксама шляхецкія гербы “Навіна” і “Налуч“, якімі, адпаведна, карысталіся роды Луцэвічаў і Міцкевічаў.
Мастак Мікола Купава. Фота Марата Гаравога
Мастак паказаў свае творы і распавёў пра іх стварэнне, а таксама пазнаёміў з творчымі планамі — праілюстраваць асноўныя паэтычныя творы Купалы і Коласа, у тым ліку паэмы “Сымон-музыка” і “Новая зямля”. Пры гэтым Купава спадзяецца на дзяржаўную ці выдавецкую замову такога вялікага праекту. А сродкі ад продажу сваіх альбомаў мастак мяркуе накіраваць на рэстаўрацыю помніка архітэктуры позняга барока XVIII стагоддзя Аршанскага кляштару базыльянаў (Віцебская вобласць).
На прэзентацыі альбомаў Міколы Купавы. 23 траўня 2013 года. Фота Марата Гаравога
Мікола Купава нарадзіўся 31 снежня 1946 года ў Оршы, пасля заканчэння ў 1976 годзе Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута працуе ў станковай і кніжнай графіцы, экслібрысе, у тэхніках лінарыта, акварэлі і літаграфіі. У сваіх творах распрацоўвае тэму гістарычнай і мастацкай спадчыны беларускага народу. Створаныя Купавам партрэты выбітных дзеячоў айчыннай гісторыі вылучаюцца эмацыянальнай узнёсласцю, імкненнем да манументальнасці і эпічнасці вобразаў. Мастак узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Як адзначыла загадчыца аддзелу культурна-адукацыйнай работы музея Вольга Пархімовіч, асобныя працы Міколы Купавы займаюць пачэснае месца ў асноўнай экспазіціі ўстановы культуры.
У вечарыне прынялі ўдзел выпускнікі і студэнты Беларускай акадэміі музыкі, а таксама навучэнцы Мінскай гімназіі-каледжу мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка.