Куды пайсці на святочныя выходныя? Новыя выставы ў Мінску
У халодны сезон, калі колькасць музычна-забаўляльных мерапрыемстваў на вуліцы абмежаваная, у мінчукоў паўстае пытанне: дзе прыемна і з карысцю пабавіць вольны час?
Тычыцца яно і першых доўгіх веснавых выходных, калі на 8 сакавіка мужчыны звычайна намагаюцца не толькі прапанаваць сваім абраніцам кветкі, але і зладзіць “культурную праграму”. Прапануем “музейна-выставачны” варыянт.
Абсалютная большасць жыхароў сталіцы, пэўна, яшчэ не паспела наведаць новыя памяшканні Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, што некалькі месяцаў як перабралася з Серабранкі ў цэнтр – на вул.Рэвалюцыйную, 10.
На выставе Маргарыты і Людмілы Шчамялёвых
Адкрыццё выставы "Фарбы і ніткі"
Наведвальнікаў прыемна ўразіць багацце экспазіцыі твораў маэстра – ад залы графікі на першым паверсе (выдатным майстрам якой ён з’яўляецца), да разнастайнага выбару жывапісных палотнаў у памяшканнях на паверсе другім. Але зараз – ад 1 сакавіка і па 3 красавіка – у спецыяльным памяшканні зменных экспазіцый дэманструецца адпаведная сезону і часу жаночага свята выстава “Фарбы і ніткі”. На яе адкрыцці Уладзімір Гілеп, старшыня Беларускага Фонду Культуры, заўважыў: “Цудоўна, што ў нас ёсць мастацкія дынастыі, калі справа ад бацькоў пераходзіць да дзяцей, і, спадзяюся, пяройдзе да ўнукаў…” Як вы здагадаліся, у “бацькавай галерэі” выставілі свае творы дочкі: габеленшчык і дасведчаны выкладчык кафедры касцюма і тэкстыля Акадэміі мастацтваў Маргарыта Шчамялёва і яе сястра, жывапісец Людміла Шчамялёва. Пры ўсёй рознасці творчых падыходаў – бо вобразы Людмілы іранічна-усмешлівыя, блізкія стылістыцы наіву, а Маргарыты – класічна-рафінаваныя, абедзьвух мастачак аб’ядноўвае інтэлігентнасць, агульная і прафесійная культура (словы крытыка Ларысы Фінкельштэйн). Можна сказаць, што спадчыннасць і выхаванне ад бацькі тут спалучылася з вялікай працай над сабой – у вучэльні, акадэміі, майстэрні. Творы мастачак напоўненыя пачуццём радасці быцця, светлай усмешкай, што гарантуе добры настрой наведвальнікам выставы.
Наступны “жаночы” праект, адчынены з 1 па 14 сакавіка прапануе галерэя “Беларт” (вул. К.Маркса, 4). У гэтым выпадку вы пабачыце працы, выкананыя мужчынскай рукою – жывапісцам і графікам Уладзімірам Канцадайлавым. Выстава пад назваю “Ева” цалкам прысвечана жаночым вобразам і іх хараству. Выбраныя работы апошніх трох год мастак аб’яднаў у серыю: перад гледачамі паўстаюць вытрыманыя ў адзіным фармаце тонда карціны, дзе ў розных колеравых спалучэннях і адценнях выяўляюцца жаночыя постаці. Паэтыча-жывапісны гімн жыночай прыгажосці.
Карціна Уладзіміра Канцадайлава
Карціна Уладзіміра Канцадайлава
Каб нашыя рэкамендацыі не падаліся залішне гендэрна-матываванымі, параім яшчэ адзін адрас. 2 сакавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на пл.Свабоды, 15, адчыніўся мастацка-адукацйны праект “Свет імпрэсіянізму”. Працуе экспазіцыя па 2 красавіка і, папярэджваем, з’яўляецца камерцыйнай: кошт квіткоў сягае да 50 тысяч. Чаму праект адукацыйны? Бо прадстаўлены найшырэйшы спектр твораў лепшых імпрэсіяністаў: Вінсэнта Ван Гога, Эдуарда Манэ, Агюста Рэнуара, Клода Манэ, Каміля Пісаро, Берты Марызо, Поля Сезана, Поля Гагена, Альфрэда Сіслея. Але толькі ў вельмі якасных копіях. Тым не менш, улічваючы беднасць калекцыі замежнага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі, падобныя праекты для тых, хто не збіраецца ехаць глядзець творы імпрэсіяністаў у Парыж ці Пецярбург, маюць відавочную прыцягальнасць.
Прыемнага адпачынку!