Інстытут гісторыі падтрымаў захаванне Трактарагораду, які ўлады плануюць знесці
Мінскаму Трактаразаводскаму пасёлку, які ўлады плануюць знесці, варта надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, што будзе спрыяць пашырэнню турыстычнага патоку ў сталіцу, піша «Радыё Свабода».
Такую пазіцыю
выказаў Інстытут гісторыі НАН Беларусі ў адказ на зварот кампаніі «Горад для
гараджанаў». Да звароту актывісты прымацавалі «дасье» раёну, дзе абгрунтавалі
сваю ідэю.
На думку навукоўцаў Інстытуту гісторыі, Трактарагорад заслугоўвае статусу помніка гісторыі, бо «кварталы трактаразаводскага пасёлка адлюстроўваюць важны перыяд у гісторыі развіцця Мінску».
Такога ж погляду прытрымліваюцца ў Саюзе архітэктараў Беларусі, куды таксама звярталіся каардынатары кампаніі.
Неўзабаве актывісты збіраюцца звярнуцца да гарадскіх уладаў, каб трактаразаводскаму пасёлку ўсё ж надалі статус гістарычнай каштоўнасці, што прадухіліла б знікненне кварталу з мапы сталіцы. Пра гэта Свабодзе расказаў ініцыятар кампаніі «Горад для гараджанаў» Дзяніс Кобрусеў.
«Цяпер мы маем меркаванне прафесіяналаў, якія падмацоўваюць нашу думку, што гэта мусіць быць помнікам і ахоўвацца дзяржавай, бо гэта прыклад будаўніцтва рабочых гарадкоў таго часу. У нас гатовыя дакументы для падачы, цяпер мы працуем, каб атрымаць падтрымку мясцовых дэпутатаў», — сказаў Кобрусеў.
Двухпавярховую забудову Трактаразаводзкага пасёлку гарадзкія ўлады маюць у плянах на знос яшчэ з 2008 году. Калі мясцовыя ўлады вырашаць надаць пасёлку статус каштоўнасьці, то разбурыць будынкі будзе немагчыма.
Жыхары Трактарагораду неаднойчы праводзілі сустрэчы з мясцовымі чыноўнікамі, на якіх адстойвалі права раёну на існаванне. Яшчэ летась у чэрвені на грамадскіх слуханнях службоўцы проста давялі людзям, што знос плануецца, і паўплываць на гэта жыхары не могуць.
Адсяляць двухпавярховыя сталінкі ў Трактаразаводзкім пасёлку пачалі ў 2015 годзе. Пад знос ужо трапілі 11 будынкаў у раёне вуліц Клумава, Шчарбакова і Чабатарова.
На мінулым тыдні кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёну Дзяніс Аўсянікаў анансаваў знос 62 дамоў у Трактаразаводскім пасёлку.
Пасёлак пачалі будаваць у канцы 1930-х, але будоўлю спыніла вайна. Пасля вайны завод бамбавікоў дабудоўвалі ўжо як МТЗ. І жыллё, адпаведна, будавалася для яго работнікаў. Мікрараён праектавалі два прафесійныя дойліды з Украіны — Сямён Разэнфельд і Веньямін Кастэнка. У 1947-м будаўніцтва было завершанае.
Будоўлю ўслаўляў у адным са сваіх вершаў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка, паэтычна назваўшы раён «Трактарагорадам». Ён стаў адным з мікрараёнаў Мінску і, як лічаць гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы і пісьменнікі, — адным з помнікаў яшчэ не вельмі аддаленай ад нас эпохі.