Брусэльскія адрасаты айца Аляксандра. Да дня народзінаў А. Надсана
Эпісталярная і інтэлектуальная спадчына айца Аляксандра дасюль не дасьледаваная паўнавартасна і хавае шматлікія сакрэты і адкрыцьці. Да стагодзьдзя айца ў 2026 годзе большая частка зь іх стане вядомай чытацтву. А пакуль з нагоды чарговага дня народзінаў лёнданскага кніжніка хацелася б крыху распавесьці пра некаторыя малавядомыя брусэльскія адрасаты, на якіх удалося выйсьці падчас працы ў архівах Аляксандра Надсана.
Лёнданская Скарынаўка сталася з пачатку заснаваньня ня проста бібліятэкай, а цэнтрам беларусікі, сапраўднай інстытуцыяй (няхай і з усяго некалькіх, ці, калі зусім дакладна, з аднаго супрацоўніка), якая кансультавала і распаўсюджвала веды пра Беларусь у сьвеце, на Захадзе перадусім. Аляксандар Надсан меў ня толькі сьвятарскае пакліканьне, але і інтэлектуальнае, перакладніцкае, пэдагагічнае. Як бібліятэкар і шматмоўны беларусазнаўца, ён часта кансультаваў замежных славістаў ды ўсіх, хто ў розных сфэрах займаўся беларускай тэмай. Вядома, яму пісалі з усяе Эўропы, Паўночнай Амэрыкі, Ізраіля, Аўстраліі. Асабліва актыўна зь ім ліставаліся эўрапейскія спэцыялісты-ткі. Атрымліваў лісты ён і з Бэльгіі: як ад тамтэйшых беларусаў, так і ад невядомых бэльгаў, зацікаўленых беларусікай. А. Аляксандар часта наведваў Бэльгію (Лёвэн, Брусэль, Антвэрпэн), дзе сустракаўся зь беларускай суполкай. Апрача ўсяго ў Скарынаўцы захоўваецца цікавае ліставаньне айца з двума малавядомымі бэльгійскімі адрасатамі, якія спрычыніліся да беларускіх штудыяў.
Першы карэспандэнт айца — брусэльскі прафэсар др. Ражэр Рэнар, які вывучаў беларускую мову і рэгулярна пісаў айцу ў 1977-1979 гадах і прасіў дапамогі і копіяў розных беларускіх граматыкаў, падручнікаў і часопісаў «Роднае слова». Спадар Рэнар актыўна вывучаў беларускую — да яе ў яго быў інтарэс мовазнаўца, славіста-кампаратывіста і выкладніка. А. Аляксандар спраўна адказваў і дасылаў копіі кнігаў і дакумэнтаў. Др. Рэнар спраўна адказваў, дзякаваў і пераказваў грошы за цяжкія бандэролі і замовы. Вядома таксама, што біскуп Ч. Сіповіч праз а. Аляксандра замаўляў у др. Рэнара мікрафільмы матэрыялаў з бэльгійскіх архіваў і бібліятэк. Такі рэгулярны абмен паміж Скарынаўкай і іншымі цэнтрамі, унівэрсытэтамі і людзьмі прывёў да інтэнсіўнага назапашваньня багатых матэрыялаў і публікацыяў у фондах Скарынаўкі. У сваю чаргу, Чэслаў Сіповіч і Аляксандар Надсан ня проста зьбіралі матэрыялы, але і кансультавалі шматлікіх цікаўных беларусікай.
Зь ліставаньня вынікае, што па ўсім бачна, А. Надсан і Р. Рэнар сустракаліся ў Брусэлі, падчас таго, як а. Аляксандар ехаў з Ангельшчыны ў Рым праз Брусэль. Дасюль, праўда, не ўдалося знайсьці больш падрабязной інфармацыі пра брусэльскага прафэсара ды іх жывыя сустрэчы, але пошукі працягваюцца.
Другі адрасат — Таварыства баляндыстаў, ад імя якога айцу Аляксандру пісаў сьвятар Жан Нарэ. Таварыства баляндыстаў — навуковае таварыста і каталіцкая кангрэгацыя, якая складаецце пераважна з навукоўцаў-езуітаў. Таварыства існуе з 17-га ст., існуе дасюль у Брусэлі і спэцыялізуецца ў зьбіраньні і выданьні агіяграфічнай літаратуры, то бок жыцьцяў сьвятых. Назва таварыства паходзіць ад прозьвішча заснавальніка таварыства флямандзкага езуіта, сьвятара і гісторыка Жана Балянда (1596-1665). Здаўна цікавілася таварыства і беларускімі сьвятымі, якія, паводле сваёй клясыфікацыі, адносіць да «арыентальных». Таму ў 1973 годзе Жан Нарэ напісаў у Скарынаўку і папрасіў дапамогі ў а. Аляксандра ў напісаньні тэкстаў пра сьв. Кірылу Тураўскага і сьв. Эўфрасіньню Полацкую. З ліставаньня бачна, што а. Аляксандар даслаў удакладненьні і тэксты пра згаданых сьвятых. У адказ бібліятэка атрымала нумары Analecta Bollandiana, часопіс, які служыў і дасюль служыць важнай бібліяграфічнай крыніцаў для дасьледнікаў жыцьцяў сьвятых.г
У красавіку 2024 — пяцьдзясят адзін год счакаўшы — я зьвязаўся з Таварыствам баляндыстаў і мне ўдалося натрапіць на Жана Нарэ, які калісьці ліставаўся з а. Аляксандрам. У паважным веку і здаўна на пэнсіі, ён тым ня менш прыгадаў «ліставаньне зь беларусам, які вельмі дапамог таварыству запоўніць лякуны ў зьвестках пра сьвятых Беларусі». Бо ў час існаваньня СССР езуіцкае таварыства не магло (ды і не было сэнсу) выйсьці на каго-небудзь у савецкай Беларусі, каб сабраць і ўдакладніць зьвесткі, таму Скарынаўка проста сталася «падарункам нябёсаў» для баляндыстаў. Аляксандар Надсан і Жан Нарэ ніколі не сустракаліся ўжывую, кантактавалі выключна эпісталярна.
Ужо на прыкладзе гэтых двух адрасатаў (а, насамрэч, такіх больш за сотню) можна ўявіць калясальны ўнёсак а. Аляксандра ў справу разьвіцьця і прасоўваньня беларусікі на сусьветным узроўні. Кансультаваньні і экспэртная дапамога займалі шмат часу і сілаў у скарыўнаўскага кніжніка — і прыгэтым а. Аляксандар знаходзіў час на сьвятарскую дзейнасьць, на пісьменьніцкую ды перакладніцкую працу. У чаканьні 2026 году вядзецца праца па далейшым вывучэньні эпісталярнай спадчыны гаспадара Скарынаўкі, якая выкрывае ўсе новыя і новыя лякуны, якія дапамог запоўніць навуковец Аляксандар Надсан.