Беларускамоўная філуменія з Барысава
Сёння філуменія не з’яўляецца распаўсюджаным хобі, як, напрыклад, калекцыяніраванне манет, паштовых марак, паштовак, самавараў, прасаў, але аматары гэтай навукі працягваюць развіваць свае калекцыі.
Аднак я сёння хачу распавесці пра беларускамоўную філуменію, а менавіта пра беларускамоўныя этыкеткі на запалкавых карабках. Тым больш, што вытворчасць запалак на тэрыторыі Беларусі мае даўнюю гісторыю. А першыя прыватныя запалкавыя фабрыкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіліся ў канцы другой паловы XIX стагоддзя. Іншая справа, што этыкеткі на запалкавых карабках тады не былі напісаны на беларускай мове. І толькі ў 1920-х — 1930-х гадах з’явіліся першыя беларускамоўныя запалкі.
У 1901 годзе ў Новабарысаве была заснавана фабрыка «Бярэзіна» Ісідорам Берманам. Яе першая прадукцыя пайшла на экспарт у 1906 годзе. Усе этыкеткі на запалкавых карабках друкаваліся на рускай і польскай мовах, а таксама на англійскай і персідскай. Восенню 1917 года ў Барысаўскі раён прыйшла савецкая ўлада, і «Бярэзіна» была нацыяналізаваная. Потым зноў мянялася ўлада, але запалкавая фабрыка працавала. У 1920 годзе фабрыка ў Новабарысаве атрымала новую назву «Чырвоная Бярэзіна». У гэты час этыкеткі на запалках пачалі з’яўляцца і на беларускай мове. З аднаго боку карабку запалак быў тэкст па-беларуску, з другога — па-руску. Напрыклад, на этыкетках Новабарысаўскай фабрыкі ў 1924–1926 гадах было напісана: «Дзяржаўная серніковая фабрыка «Чырвоная Бярэзіна». БССР ВСНХ. Новабарысаў Беларусь». І намаляваны герб БССР.
У 1926–1929 гадах «Чырвоная Бярэзіна» актыўна пачала выпускаць запалкі з беларускамоўнымі этыкеткамі. На адным баку, напрыклад, было напісана: «Бел.Дзярж.Серніковы трэст. Фабрыка сернічак «Чырвоная Бярэзіна». ВСНГ. Новабарысаў, БССР. Цана 1 1/2 к.». І быў намаляваны караблік, а з іншага боку — зорачкі і чорна-белыя квадрацікі.
Са снежня 1929 года ў Новабарысаве пачала працаваць новая пабудаваная фабрыка, якую назвалі «Пралетарская Перамога». Фабрыка выпускала запалкі з этыкеткамі на рускай і беларускай мовах. Але большасць з іх былі на роднай мове. З 1930 года Беларускае запалкавае аб’яднанне ўпершыню на этыкетках пачало пісаць «Новабарысаў» праз злучок — Н.-Барысаў і Нова-Барысаў.
З 20 па 29 красавіка 1932 года адбыўся IX з’езд прафсаюзаў СССР. Да гэтай падзеі фабрыка «Пралетарская Перамога» выпусціла на беларускай мове дзве памятныя этыкеткі. На адной з іх было напісана: «Ударны выпуск імя 9-га Зьезду Прафсаюзаў. Тэхніка ў пэрыяд рэканструкцыі вырашае ўсё. Ф-ка запалак «Пралет.Перамога» г.Н.-Барысаў. БССР. Цана 2 кап.». На другой змешчаны такі тэкст: «Ударны выпуск імя 9-га Зьезду Прафсаюзаў. СССР. Ударная брыгада сусьветнага пралетарыяту. Ф-ка запалак «Пралет.Перамога» г.Н.-Барысаў. БССР. Цана 2 кап.».
Запалкавая фабрыка «Пралетарская Перамога» ў 1930-я гады выпускала шмат запалак з беларускамоўнымі этыкеткамі. Але ўсе яны былі напісаныя ў бальшавіцкім духу. Напрыклад, на запалках у 1933–1934 гадах было напісана так: «Дэлегату Усесаюзнага злёту ўдарнікаў пільшчыкаў, бракераў і пілаточаў — ад калектыва рабочых ІТР Бярэзінскага камбіната — бальшэвіцкае прывітанне. БССР, Нова-Барысаў».
У 1934 годзе быў забіты сакратар Ленінградскага абкама ВКП (б) Сяргей Кіраў. Пачаліся масавыя рэпрэсіі партыйных і гаспадарчых кіраўнікоў. Гэта кампанія ў СССР называлася «яжоўшчына», па прозвішчу наркама ўнутраных спраў Яжова. Адначасова сотні заводаў і фабрык перайменавалі ў гонар Кірава. Сюды патрапіла і «Пралетарская Перамога», якую перайменавалі ў 1935 годзе ў «Фабрыку імя таварыша Кірава». Фабрыка таварыша Кірава таксама старалася выпускаць запалкі на беларускай мове з розным савецкім афармленнем і лозунгамі. Хутка з этыкетак запалак знікла слова «таварыш», і фабрыка пачала называцца проста — імя Кірава.
Пасля Другой сусветнай вайны запалкавая фабрыка імя Кірава таксама не развітвалася з роднай мовай. У 1949 годзе прадпрыемства выпусціла вельмі шмат запалак з тэкстамі на карабках на беларускай, украінскай і рускай мовах. Яны былі прысвечаны каларадскаму жуку. На этыкетках быў намаляваны каларадскі жук і напісаны тэкст: «Выяўляйце шкодніка бульбы — каларадскага жука і паведамляйце аграному».
У 1949 годзе выйшлі па-беларуску аформленыя запалкі, прысвечаныя 30-годдзю БССР. У 1950 годзе фабрыка імя Кірава, напрыклад, выпусціла запалкі з малюнкам, на якім быў адлюстраваны танец «Лявоніха».
Пасля 1953 года запалкавая фабрыка імя Кірава (потым гэта будзе фанерна-запалкавы камбінат, цяпер — ААТ «Барысаўдрэў») пачала рэдка звяртацца да беларускай мовы. Але ў 1958 годзе фанерна-запалкавы камбінат у Барысаве выпусціў серыю беларускамоўных этыкетак, прысвечаных 40-годдзю Савецкай Беларусі. У 1964 годзе выйшла серыя беларускамоўных прыгожых этыкетак, прысвечаных 20-годдзю вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама серыя беларускіх запалак з нагоды 20-годдзя вызвалення Беларусі.
Беларускамоўных этыкетак заслужыў у 1961 годзе і Чырвоны Крыж БССР — выйшла серыя запалак з нагоды 40-годдзя таварыства Чырвонага Крыжа БССР, а таксама заклікі, каб людзі ўступалі ў члены таварыства Чырвонага Крыжа.
У 1961 годзе Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат выпусціў некалькі відаў запалак, якія рэкламавалі творы беларускіх літаратараў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Піліпа Пестрака і іншых пісьменнікаў і заклікалі іх купляць праз «Кнігу — поштай». Добрая была ідэя.
Упершыню за ўсю сваю гісторыю існавання камбінат з Барысава адгукнуўся на юбілеі класікаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Шмат разнастайных беларускамоўных этыкетак на карабках запалак пабачылі свет, прысвечаныя 80-годдзю Якуба Коласа, 85-годдзю Янкі Купалы і 90-годдзю Янкі Купалы. На этыкетках былі адлюстраваны партрэты нашых песняроў, іх музеі і мясціны, дзе жылі і пісалі класікі беларускай літаратуры.
У 1970-х — 1990-х гадах, хоць і вельмі рэдка, але беларускае слова трапляла на этыкеткі карабкоў запалак барысаўскага прадпрыемства. А цяпер роднай мовы на прадукцыі ААТ «Барысаўдрэў» амаль не знойдзеш. Некалькі каляровых этыкетак запалак са словамі «Квітней Беларусь!» выйшла з вартштату камбіната пару гадоў таму. Але з іншых бакоў карабку тэкст пададзены па-руску.