Актывісты просяць Царкву прылічыць Францыска Скарыну да ліку святых
Аб'яднанне беларусаў свету «Бацькаўшчына» абвясціла аб зборы лістоў з просьбай аб беатыфікацыі (прылічэнні да ліку святых у каталіцкай Царкве) Францыска Скарыны, піша krynica.info.
Лісты адправяць пробашчу мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла).
Арганізатары тлумачаць, што наш першадрукар моцна паўплываў на духоўнае развіццё беларусаў: «Акрамя рэлігійнага значэння, наяўнасць сваіх святых аб'ядноўвае нацыю, дае адчуванне прыналежнасці да адной супольнасці. І наша гісторыя мае досыць фігур, якія ў свой час аказалі моцны ўплыў на духоўнае развіццё беларускага народу, годных і пасля сваёй смерці служыць яднанню беларусаў. Такой постаццю, да прыкладу, з'яўляецца Еўфрасіння Полацкая, святая для ўсіх безадносна прыналежнасці да пэўнай рэлігійнай канфесіі. А што адносна Францыска Скарыны? Хіба ён не варты таго, каб быць у ліку святых?»
Дарэчы, ёсць спрэчкі аб тым, да якой канфесіі належыць Скарына. Ёсць меркаванне, што ён мог быць пратэстантам. Прафесар Адам Мальдзіс лічыць, што ў якасці святога Францыск будзе належаць і праваслаўным, і каталікам, і уніятам. Менавіта ён ініцыяваў кананізацыю першадрукара ў 2015 годзе.
«Патрэбна падтрымка шырокага кола грамадскасці ў пацверджанні таго, што справа па беатыфікацыі Францыска Скарыны трэба не толькі рэлігійнай супольнасці, але і ўсяму беларускаму народу», — пішуць арганізатары.
Паводле kyky.org