Жыхарка Кобрына: «Згубіла пашпарт, а па ім хтоcьці купіў шмат валюты»
15 тысяч долараў плюс 11 тысяч 110 еўра… Амаль паўтара года спрабуе жыхарка Кобрына Іна Юркевіч даказаць, што да гэтай вялізнай сумы не мае ніякага дачынення: не яна, а хтосьці па яе згубленым пашпарце купіў у банку валюту.
Але пазоў мясцовай падатковай інспекцыі ўсе мінулыя па гэтай справе суды прызналі абгрунтаваным. На сённяшні дзень з жанчыны павінны спагнаць амаль 25 мільёнаў рублёў падаходнага
падатку.
Урок на ўсё жыццё
Цяпер саракагадовая жыхарка раённага цэнтра дакарае сябе, што своечасова не звярнулася ў праваахоўныя органы з нагоды зніклага дакумента. Яна і хапілася пашпарта не адразу, таму ні даты, ні
абставінаў яго знікнення ён не ведае.
— Аднойчы ўжо губляла пашпарт, але мне яго хутка вярнулі. І калі ў адзін з сакавіцкі дзён у сумцы зноў не знайшла дакумент, паспадзявалася на добрых людзей. А потым атрымала ліст з
аддзялення па грамадзянстве і міграцыі, што мой дакумент знайшоўся. Узрадавалася, — успамінае пачатак сумнай гісторыі Іна.
Гэта здарылася ў верасні 2012-га. А праз год як абухом па галаве — выклік у ІМПЗ. Там жанчыне і патлумачылі, што, аказваецца, яшчэ 2 чэрвеня 2012 у адным з банкаў Кобрына ёю была набыта
буйная сума даляраў і еўра. А таму варта даць справаздачу па прыбытках. Яна не ведала, ці то смяяцца, ці то плакаць. У даўгах як у шаўках, адна выхоўвае дачку-школьніцу, з даходаў толькі сціплая
зарплата і аліменты. Ва ўсім даводзіцца сябе адмаўляць, таму што трэба разлічвацца за крэдыт на кватэру.
— Якія тут святкі, калі лупяць падаткі… А тут паведамляюць, што за валюту, якую і ў вочы не бачыла, я павінна заплаціць падатак — больш за 53 мільёны! І пачаліся мае
хаджэнні па пакутах…
Надзейна, як у банку?
Паважаны чытач, напэўна, заўважыў, што памер падатку, згаданы двойчы ў нашым аповедзе, адрозніваецца. Тут няма памылкі аўтара. Аж да мая 2014 года ва ўсіх пратаколах судовых пасяджэнняў і іншых
дакументах фігуравала вялікая сума — 53.347.400 рублёў. Таму што ў прадстаўленай банкам інфармацыі значылася: адказчыца набыла 30 тысяч долараў і 22 тысясы 220 еўра.
Нязгодная з высунутымі абвінавачваннямі і, чаго хаваць, напалоханая сітуацыяй, Іна у рэшце рэшт звярнулася з заявай у мясцовую пракуратуру. У канцы красавіка мінулага года па рашэнні пракурора
Кобрынскага раёна Аляксандра Петрасюка матэрыялы для арганізацыі дадатковай праверкі былі накіраваны начальніку РАУС. Вось тады і выявілася недакладнасць у банкаўскіх звестках, накіраваных у
ІМПЗ.
Але гэта не адзінае несупадзенне, звязанае з інфармацыяй ад супрацоўнікаў банка. Як вынікае з пастановы аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы ад 2014/02/24, апытаная касір-спецыяліст
рознічных паслуг, якая і прадала вышэйзгаданую суму, патлумачыла наступнае: валюту ў такіх вялікіх памерах яна самастойна прадаць не можа, гэта адбываецца толькі пасля ўзгаднення з кіраўніцтвам
банка. Аднак падчас судовага пасяджэння 5 лістапада таго ж года касір адмовілася ад сваіх паказанняў. Ну не памятае яна, ці ставіла кіраўніка ў вядомасць з нагоды продажу такой сумы валюты. Гэта быў
выходны дзень, «магчыма, што не паведамляла». І наогул, «калі ў банку шмат валюты, вялікую суму можна прадаць без ўзгаднення з кіраўніком». Пра тое, што ніякай
заяўкі і ўзгаднення не патрабуецца для куплі валюты ў такім памеры, пацвердзіў на судзе і спецыяліст па бяспецы і абароне інфармацыі РКЦ банка. А Іна здзіўляецца: «У 2012-м у Кобрыне такую
суму набыць вось так было проста? Ды яшчэ ў суботу ў канцы працоўнага часу банка! Калі б хто-небудзь з гараджан змог дапамагчы мне даказаць адваротнае! Раптам хтосьці купляў валюту тады і ведае
парадак…»
Нельга змаўчаць і пра тое, што яшчэ сказала касір: «Тэарэтычна дапускаю, што я тады магла памыліцца і прадаць валюту іншай асобе, калі візуальна чалавек быў падобны да фота ў пашпарце,
і я … прадала валюту» (з пратаколу судовага пасяджэння).
Нялішнім будзе заўважыць, што сведка на той момант ужо не працавала ў банку. Па словах Іны, на судзе і паведаміла, што сядзіць без працы, прыйшлося сысці. У тым ліку і з-за гэтага валютнага
інцыдэнту. Між тым спецыяліст дасведчаны, на пасадзе касіра ў дадзеным банку працавала з 1995 года па чэрвень 2014.
«Я гатовая працягваць барацьбу»
Вялікія надзеі ўскладала пацярпелая на відэазапіс, які вядзецца ў банку, — на жаль, відэа столькі не захоўваецца. Вызначыць месцазнаходжанне Іны Сцяпанаўны на момант продажу валюты па
яе пашпарце (у 14.11 2 чэрвені 2012) з дапамогай білінгу званкоў па сотавым тэлефоне таксама не атрымалася. Як на тое, у гэты час ні сама жанчына нікому не тэлефанавала, ні ёй ніхто не тэлефанаваў.
На запрашэнне прадстаўнікоў праваахоўных органаў і супрацоўнікаў падатковай інспекцыі прыйсці і пераканацца, што яны з дачкой жывуць па сродках, ніхто не адгукнуўся. А вось з'яўленне ў судзе
сталічнага адваката, які ўзяўся абараняць інтарэсы жанчыны, было ўспрынята як … доказ матэрыяльнага дабрабыту адказчыцы.
Так, яна не адмаўляе, што ўласная бесклапотнасць прывяла да такіх наступстваў, але здавацца не збіраецца.
Алена Жук, «Вячэрні Брэст»