Журналістка «Белсата» Любоў Лунёва выйшла на волю пасля 10-суткавага арышту

За кратамі застаўся яе сын.

photo_2021_02_18_21_07_09.jpg

Журналістка «Белсата» Любоў Лунёва выйшла на волю пасля 10-суткавага арышту і падзялілася сваімі ўражаннямі.
«Палітычнымі запоўненыя амаль усе камеры ІЧУ, ЦІП і корпус СІЗА ў Жодзіне.
Запамінаюцца самыя прыемныя моманты. У ЦІП сярод ночы ў калідоры насупраць камеры паставілі тварам у сцяну чарговую "партыю" арыштаваных, і раптам адтуль ціха-ціха па дзвярах камеры: тук-тук, тук-тук-тук. Адразу дзяўчаты падбягаюць і ціхенька ў адказ, каб не пачулі ахоўнікі: тук-тук, тук-тук-тук. Шэптам у калідор: "Колькі вас?". У адказ: "Шасцёра. Чатыры дзяўчынкі і двое хлопцаў. Унізе яшчэ хлопцаў прывезлі. Колькі нашых?" Адказ: "Ды тут амаль усе нашы". З калідора чутны ўздых палёгкі. Са сваімі сядзець не так страшна.
Толькі выйшла, і пасля абдымкаў калегаў навіна: "Дзяўчатам далі па два гады". Эх! Ніколі не думала, што ў мяне можа быць столькі злосці! Падаецца, што не адна я такая. Адрэналіну ў нас ужо зашквар на ўсіх! Думаю, што і Каця, і Даша выйдуць на волю значна раней. Яшчэ будуць весці рэпартаж з пасяджэння Трыбунала».