Журналістаў зноў адправілі за краты

7 мая ў Маскоўскім судзе Мінска былі вынесены прыгаворы журналістам Аляксандру Ярашэвічу і Зміцеру Галко. Абодва прызнаныя вінаватымі ў непадпарадкаванні міліцыі і дробным хуліганстве.



1ec5ea72_d822_4882_a251_dbadde12ea0d_w640_r1_s.jpg

Аляксандр Ярашэвіч і Зміцер Галко перад судом. Фота Радыё Свабода

Суддзя Яўген Хаткевіч пакараў Галко 10 суткамі адміністратыўнага арышту, а суддзя Таццяна Матыль адправіла Аляксандра Ярашэвіча на 12 сутак за краты.

Нагадаем, журналістаў затрымалі вечарам 6 мая. Яны вярталіся з вуліцы Акрэсціна, дзе сустракалі ўдзельнікаў акцыі "Чарнобыльскі шлях", якія выйшлі пасля 10-суткавага адміністрацыйнага арышту. Прыкладна ў 20.40 каля станцыі метро “Міхалова” побач з імі спыніўся мікрааўтобус з групай спецназаўцаў, якія запхнулі журналістаў у аўтамабіль і адвезлі ў Маскоўскі РУУС Мінску.

Як заўсёды, сведкамі на судзе выступілі міліцыянты. Як паведамляе "Радыё Свабода", амапавец Віктар Жарскі сказаў, што Галко і Ярашэвіч ішлі па вуліцы Прылуцкай і гучна лаяліся матам. Ён разам з іншым супрацоўнікам міліцыі да іх падышоў і зрабіў заўвагу. Аднак журналісты працягвалі лаяцца. Тады міліцыянты выклікалі машыну, журналісты супраціўляліся, а Ярашэвіч нібыта спрабаваў уцячы. Потым выступіў амапавец Аляксей Гарошка. Іх паказанні супярэчылі адно аднаму і падпісаным імі ж рапартам. У прыватнасці, міліцыянты далі розную інфармацыю адносна месца затрымання і дзеянняў Галко, які нібыта хапаў іх за рукі. Міліцыянт Маскоўскага РУУС Дзмітрый Новік у судзе прызнаў, што змяняў падпісаныя рапарты сваіх калег.

Па інфармацыі БАЖ, у судзе высветлілася, што пратаколы на Ярашэвіча складаліся двойчы (за адно і тое ж парушэнне): першы — учора ўвечары пасля затрымання, а другі — непасрэдна перад пачаткам слуханняў. У другім былі змененыя некаторыя фармулёўкі. Адвакат журналістаў Аляксандр Галіеў мяркуе, што гэта было зроблена пасля працэсу над Галко, падчас якога ўсплылі некаторыя разыходжанні ў паказаннях сведкаў.

Такім чынам, зноў журналістаў адправілі за краты толькі за тое, што яны журналісты і могуць расказаць людзям праўду. Нягледзячы на тое, што гэта парушае нават беларускае заканадаўства. Зноў сведкі-міліцыянты хлусяць па загаду начальства, нават не думаючы пра тое, што тым самым становяцца крымінальнымі злачынцамі.

Але навошта было затрымліваць журналістаў, якія толькі і вінаватыя ў тым, што разам з іншымі сустракалі тых, хто ўжо адсядзеў за кратамі, каб данесці гэтую інфармацыю грамадству? Гэты абсурд на самай справе мае даволі лагічнае тлумачэнне. Уладзе карціць, што ёсць салідарнасць, што асуджаных сустракаюць, што пра суддзяў і хлуслівых сведкаў пішуць. Улада вельмі б хацела ўсіх запалохаць, каб мы ціха сядзелі па хатах і не высоўваліся. Некалі англійскі прэм’ер Дзізраэлі сказаў: “Цямней за ўсё перад світанкам”. Будзем спадзявацца...