Здымкі беларускай версіі «Што? Дзе? Калі?» перанесены на невызначаны тэрмін. Кажуць, праз палітыку

Інтэллектуальнае тэле-шоу не выйдзе ў эфір восенню і зімой. Прычыны цьмяныя — гавораць пра палітыку і каронавірус.

Фота «Наша Ніва»

Фота «Наша Ніва»

Тэлегульня «Што? Дзе? Калі?» прыпыняе выхад — будуць прапушчаныя восеньскі і зімовы сезоны, піша «Наша Ніва». Прычыны такога рашэння называюць розныя. Адны кажуць, што справа мае палітычны падтэкст, маўляў, знаўцы і капітаны каманд адмовіліся здымацца для дзржаўнага канала АНТ. Другія выказваюцца наконт каранавіруса — у тым сэнсе, што пандэмія стварае непераадольныя перашкоды для арганізацыі гульняў і ўвогуле для работы.
Сітуацыю пракаментаваў вядучы праекта Алесь Мухін:

— На сёння здымкі восеньскіх і зімовых гульняў «Што? Дзе? Калі?» не адмененыя, а перанесеныя. Мы плануем і хочам зняць канец сезона, а адбудзецца гэта ці не — ужо будзем глядзець. Нам пашанцавала, што вясновую і летнюю серыі мы паспелі зняць у сакавіку. Здымкі гульняў «восень-зіма» былі ў планах на жнівень і верасень. Але гэтаму перашкодзілі некалькі прычын».

Частка знаўцаў працуе ў міжнародных кампаніях. І цяпер яны знаходзяцца на добраахвотна-прымусовай самаізаляцыі, то-бок, працадаўца плаціць ім грошы з умовай сядзець дома і працаваць з дома. У нас ёсць цэлая такая каманда моладзі, напрыклад. І калі іх працадаўцы пабачаць, што па буднях работнікі сядзяць дома, а на выходных збіраюцца ў студыі, якая запоўненая людзьмі… Маглі б быць пытанні.

Частка знаўцаў знаходзіцца за мяжой. І гэта цяпер пачалі лятаць самалёты з той жа Расіі, ездзіць аўтобусы, а раней у гульцоў увогуле амаль не было шанцаў трапіць у Беларусь. Да таго ж, калі б яны ўсё ж прыехалі, то іх пусцілі б сюды як грамадзян Беларусі, але яны не маглі б вярнуцца ў Расію. Гэта другая частка праблемы.

Трэцяя частка ў тым, што некаторыя члены клуба сапраўды лічаць, што сёння не той час, каб выходзіць на палітызаваным тэлеканале. Пытанне было не канкрэтна да АНТ, размова ішла пра тое, што сёння сітуацыя ў краіне вельмі палітызаваная, і здымацца на каналах, у якіх палітычны складнік асноўны, не хацелася б. Вось як людзі фармулявалі.