За паўтара года ў Беларусь прыбылі больш як 100 тысяч грамадзян Украіны

За паўтара года ў Беларусь прыбылі больш як 100 тысяч грамадзян Украіны, паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 чэрвеня ў Мінску прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі Жан Іў Бушардзі.



124117.jpg

Паводле яго інфармацыі, сярод краін - суседзяў Украіны Беларусь займае другое месца па колькасці прынятых украінцаў, а па іх ліку на душу насельніцтва — першае.

Як заявіў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, апошнім часам назіраецца масавае прыбыццё асоб, якія маюць патрэбу ў міжнароднай ахове. Да 2012 года з хадайніцтвамі аб даванні статусу бежанца або дадатковай аховы ў дзяржорганы штогод звярталіся ад 60 да 160 іншаземцаў. Найбольшая колькасць зваротаў прымалася ад грамадзян Афганістана (30 %). У 2013 годзе самай шматлікай групай хадайнікаў сталі выхадцы з Сірыі — больш як 30 % з 208 іншаземцаў.

У 2014 годзе, паводле слоў Бегуна, у сувязі з падзеямі ва Украіне адбылося чатырохразовае павелічэнне колькасці пададзеных хадайніцтваў. З імі звярнуліся 867 іншаземцаў, у тым ліку 663 грамадзяніны Украіны (76,5 %), 95 — Сірыі (11 %), 34 — Афганістана (3,9 %). Прадстаўнік МУС канстатаваў, што сёлета паток вымушаных мігрантаў не зменшыўся. У студзені — маі з хадайніцтвамі аб ахове звярнуліся 563 іншаземцы, з якіх амаль 80 % — грамадзяне Украіны.

Бягун паведаміў, што грамадзянам Украіны ў Беларусі даецца дадатковая ахова (гарантыя нявысылкі, пэўныя правы і г. д.) тэрмінам на год з неабходнасцю наступнага працягу. Падстаў для давання ім статусу бежанцаў няма, бо, як зазначыў прадстаўнік МУС, гэтых людзей на радзіме паводле палітычных матываў ніхто не пераследуе, яны бягуць ад ваеннага канфлікту.

У 2014 годзе прыкладна 20 тысяч украінскіх грамадзян, якія не шукалі ў Беларусі прыстанку ці дадатковай аховы, атрымалі спецыяльны дазвол на працоўную дзейнасць, сказаў Бягун. З пачатку 2015 года — ужо больш як 8 тысяч. Працэдуру часовай рэгістрацыі прайшлі больш як 25 тысяч украінскіх грамадзян. Людзі прыязджаюць сюды на сезонныя работы, на будоўлі, у сельскую гаспадарку.

Прадстаўнік МУС зазначыў, што найбольш напружаная міграцыйная нагрузка назіраецца ў Мінску, Мінскай і Гомельскай абласцях. Сёлета ў ГУУС Мінгарвыканкама з хадайніцтвам аб даванні статусу бежанца звярнуліся 96 украінцаў, у разглядзе знаходзяцца 142 такія хадайніцтвы; 2,7 тысячы грамадзян Украіны атрымалі ў Мінску спецыяльны дазвол на працоўную дзейнасць, 7 тысяч — дазвол на часовае пражыванне.

Бягун заявіў, што магчымасці для прыёму ўкраінскіх грамадзян "не вычарпаныя". "Сітуацыя з працоўнымі рэсурсамі дазваляе", — дадаў ён, звярнуўшы ўвагу, у прыватнасці, на неабходнасць працоўных рук у аграгарадках. "Але пасля пэўнага парога", як выказаўся прадстаўнік МУС, спатрэбіцца дапамога міжнародных і грамадскіх арганізацый, бізнесу для інтэгравання іншаземцаў, якія прыбываюць, у грамадства.

Пры гэтым Бягун звярнуў увагу на тое, што з пачатку года Беларусь зрасходавала больш як 1 млрд. рублёў на дапамогу асобам, якія хадайнічалі аб атрыманні статусу бежанца ці дадатковай аховы.

БелаПАН