«За тое, што не змірылася». Двойчы асуджанай за «палітыку» айцішніцы прызначылі «хатнюю хімію»
17 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска разгледзеў справу палітзняволенай Марыны Неўдах. Дзяўчыну абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Марыне Неўдах 37 гадоў, паведамляюць праваабаронцы. Паводле адной з адукацый яна
журналістка. Паспела стаць нават кандыдаткай тэхнічных навук. З 2015 года
працавала ў EPAM тэсціроўшчыцай праграмнага забеспячэння. Разам з мужам
выхоўвала дваіх дзяцей, якім на момант яе затрымання было 9 і 11 гадоў.
Вядома, што ў 2020 годзе Марыну двойчы затрымлівалі і
судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў 23.34 («Парушэнне парадку
арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў») і 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы
пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў»). Абодва разы жанчыну каралі
штрафамі.
Праз падазрэнне ў здзяйсненні крымінальнага злачынства
паводле ч.1 арт. 342 жанчыну арыштавалі 16 снежня 2021 года. Прыйшлі проста
дадому. Праверылі тэлефон, зладзілі ператрус, затрымалі на вачах у дзяцей і
павезлі спачатку ва УСК па Мінску, а потым на Акрэсціна, дзе стварылі для яе
невыносныя ўмовы знаходжання. Вельмі хутка ў жанчыны пахіснулася здароўе і яна
захварэла.
Пазней Марыну перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе і
пратрымалі да суда.
29 снежня 2021 года праваабарончая супольнасць прызнала
Марыну Неўдах палітзняволенай з патрабаваннем неадкладна вызваліць яе з-пад
варты.
Падрабязнасцяў з залы суда зусім няма.
Але, мяркуючы па звестках ад крыніц, блізка
знаёмых з гісторыяй Марыны, можна казаць пра тое, што, па сутнасці, усе тры
разы жанчыну судзілі за тое, што пасля абвяшчэння вынікаў выбараў-2020 яна не
змагла з імі змірыцца і гэтак жа, як і тысячы іншых беларусаў, выяўляла сваю
нязгоду словам і справай. За што і апыналася на лаве падсудных.
17 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прызнаў Марыну Неўдах вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 і прызначыў ёй абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады плюс штраф, дакладны памер якога пакуль невядомы.