«За малы памежны рух» — акцыі з абодвух бакоў мяжы
Акцыі за малы памежны рух будуць у Беларусі. Прадстаўнікі Беларускага Дома ў Варшаве і «Грамадзянскай Гарадзеншчыны» праводзяць інфармацыйныя акцыі на памежных пераходах паміж Польшчай і Беларуссю.
Актывісты ўжо раздавалі ўлёткі ў Белавежы і Баброўніках, таксама збіраюцца наведаць пераход у Кузніцы. Сябра альянсу “Грамадзянская Гарадзеншчына” Васіль Клімовіч зазначае, што акцыі працягнуцца на тэрыторыі Беларусі:
— Сёлета гэта пачатак. Мы пачалі з польскага боку, а яшчэ акцыя будзе працягвацца з беларускага боку. Адбудзецца канферэнцыя ў Гародні і вялікая інфармацыйная кампанія ў тых раёнах, якія ўваходзяць у памежны рух
Актывісты спадзяюцца, што інфармаванасць грамадства прымусіць улады ў Беларусі ўвесці малы памежны рух з Польшчай. А гэта дазволіць жыхарам памежжа падарожнічаць без візаў. Усе неабходныя дакументы былі ратыфікаваныя шэсць гадоў таму, аднак МЗС Беларусі так і не выслаў польскаму боку подпіс Лукашэнкі.
***
6 гадоў таму Палата прадстаўнікоў і польскі Сейм ратыфікавалі пагадненне пра малы памежны рух, што дазволіла б жыхарам сумежных тэрыторый Польшчы і Беларусі перасякаць мяжу без візы. Аднак Аляксандр Лукашэнка не захацеў паставіць свой подпіс і заблакаваў ужо падрыхтаванае рашэнне.
Сустаршыня „Беларускага Дома” Алесь Зарэмбюк зазначыў, што грамадзянам Беларусі трэба распавядаць пра такую магчымасць:
— Вельмі невялікая колькасць беларусаў ведае пра малы памежны рух. Вось мы сутыкаемся, размаўляем, распавядаем, што ёсць гэтая дамова, што гэта дазволіць вам ездзіць без візы. Знаходзім вельмі шмат пазітыўных водгукаў — і ад беларусаў, і ад палякаў. Беларуска-польскае памежжа павінна быць бязвізавым, яно павінна мець малы памежны рух, і мы, суседзі спрадвек, павінны камунікаваць, павінны гандляваць.
Першыя ўлёткі былі раздадзены на памежным пераходзе “Белавежа — Перароў”.
Пачынаючы з мінулага года грамадзяне Польшчы могуць наведаць без візы беларускім бок Белавежскай пушчы, але людзі з абодвух бакоў мяжы чакаюць на большыя змены:
— Многа людзей з Гайнаўкі, Белавежы, з Бельска Падляшскага, з Беластоку маюць у Беларусі сваякоў і хацелі б да іх паехаць. Аднак не кожны можа атрымаць візу.
— Я раблю візу без праблем, яна ў мяне бясплатная. А людзям сапраўды было б выгадна, каб без візаў было.
— Маем там па мужу сваякоў. Некаторыя ўжо адыйшлі ў вечнасць. Але хацелі б адведаць тых, хто застаўся. У нас ужо і ўзрост сур’ёзны. Не ведаю, ці дачакаемся, каб паехаць.
У сваю чаргу Алесь Зарэмбюк дадаў, што ўвядзенне бязвізавага рэжыму на тэрыторыі Белавежскай пушчы — гэта ўжо крок у добрым кірунку.