З жорстка збітага пры затрыманні архітэктара БТ робіць тэрарыста
Жорстка збіты 15 лістапада пры затрыманні
архітэктар Вадзім Дзмітранок па-ранейшаму знаходзіцца ў шпіталі хуткай
дапамогі. У яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія гематомы. Дактары
падазраюць цяжкія пашкоджанні ўнутраных органаў, прызначаны дадатковыя даследаванні, піша Радыё Свабода.
Вадзім Дзмітранок. Фота фейсбук
Вадзім Дзмітранок пяты дзень праходзіць лячэнне
ў аддзяленні спалучанай траўмы шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. Яго ахоўвае
канвой, бо цяпер ён не затрыманы, а падазраваны, заведзена крымінальная справа.
Сувязі з Вадзімам няма, кажа ягоная жонка Вольга.
«Наведванні забароненыя, па-першае, праз ковід — у гэтым аддзяленні вельмі шмат пацыентаў з каранавірусам. Трапіць туды немагчыма, праз тэлефон з лечачым доктарам ці загадчыкам аддзялення таксама пагаварыць складана, яны вельмі занятыя.
А па-другое, канвой не дазваляе яму ні з кім
размаўляць. Як мне растлумачылі, такі парадак, калі крымінальная справа
заведзеная. Ён ужо не затрыманы, а арыштаваны, завялі справу па артыкуле 342
Крымінальнага кодэксу.
Жонка Вадзіма дагэтуль не можа адысці ад шоку, які
перажывала ў нядзелю, 15 лістапада. Кажа, што муж сышоў з дому прыкладна а
палове на першую. Увечары раздаўся званок: дзяжурная адвакатка тэлефануе з
Цэнтральнага РУУС, кажа, што Вадзім затрыманы ў раёне бульвара Шаўчэнкі —
вуліцы Чарвякова, яго прывезлі ў пастарунак.
«Адвакатка сказала, што дамаглася, каб Вадзіму выклікалі хуткую. З яе слоў спачатку вынікала, што яму наагул патрэбная рэанімацыя. Я хацела адразу імчацца ў шпіталь хуткай дапамогі, але да нас прыйшлі з так званым „аглядам“. Абыходзіліся даволі карэктна, агляд быў павярхоўны. Але адвакат мне кажа, што гэта не азначае, што не прыйдуць з больш пільным вобшукам», — працягвае Вольга.
У шпіталь яна трапіла. Тое, што пабачыла, было шокам.
«Дзякуй Богу, рэанімацыя яму не спатрэбілася, але стан нядобры. Вадзім быў на вазку, скручаны. Рука да сэрца прыкладзена. З носа кроў цякла, усе штаны былі ў крыві. Вельмі ўразіла галава — яна была вельмі апухлая. Адчуваецца, збілі яго моцна. Пазней я даведалася, што ў мужа закрытая чэрапна-мазгавая траўма, гематомы на грудзях, на лапатках, на нагах.
А цяпер адвакатка кажа, што прызначылі шэраг новых даследаванняў, бо падазрэнне на сур’ёзнае пашкоджанне ўнутраных органаў», — кажа Вольга.
Яшчэ большы шок у Вольгі быў пасля сюжэту, які паказалі па БТ. Сюжэт называўся «На мірны пратэст з нямірным арсеналам».
Там ёсць кадры з затрымання: Вадзім з акрываўленым тварам стаіць на каленях, рукі звязаныя. Мужчына з цяжкасцю вымаўляе словы. Пры затрыманні сілавікі правяраюць заплечнік. Нібыта «ў арсенале былі армейская і дымавая шашкі, самаробныя петарды, рагатка і жалезныя шарыкі, самаробны дручок, балаклава».
«Ператрус заплечніка падчас затрымання выглядае дзіўна: звычайна ўсіх хуценька „пакуюць“ у аўтазакі ці мікрааўтобусы, а не разбіраюцца, што ў кожнага з іх у заплечніку», — кажа жонка.
Ёсць кадры допыту, дзе за спінай Вадзіма мужчына са змененым голасам задае пытанні, яго не паказваюць, а паказваюць толькі затрыманага з цалкам заплюшчанымі вачыма.
Вольга ня верыць, што ў яе мужа маглі быць рэчы, якія паказалі.
«Ніколі не бачыла такіх рэчаў у мужа. Ён жа не падлетак. Ён не маргінал. Ён дарослы, сур’ёзны чалавек.
Я перакананая, што гэта мантаж. Задавалі нейкія звычайныя пытанні, кшталту: «Вам 43 гады?» — ён адказваў: «Так». І пад гэта мантуюць тое пытанне, на якое патрэбна, каб ён адказаў «так», — мяркуе жонка Вадзіма.
Яна не верыць, што муж мог так падстаўляць сям’ю. Вельмі кранальна піша, што ў Вадзіма абвостранае пачуццё справядлівасці, уласнай годнасці.
«У мяне невялікая, але вельмі шчаслівая сям’я. Дзяўчаткі шалёна любяць тату, зрэшты, як і ён іх. Кожнае вяртанне з працы суправаджаецца гонкай, хто першы дабяжыць да таты і мацней яго абдыме. Ім усё роўна, што тата архітэктар, які, як ён сам кажа, добра „натаптаў“ у горадзе. Куды ні паедзеш у Менску, заўсёды знойдзецца, што праектаваў тата. Дзесьці прыпынак грамадскага транспарту, дзесьці — рэканструкцыя будынка — гістарычнага помніка, дзесьці — мэдычны цэнтар альбо архітэктурная прывязка помніка, сквэр... Ім важна, каб ён прыходзіў дадому!»
Цяпер Вольга перажывае яшчэ і за старэйшую дачку, якой 10 гадоў.
«Яна ўсё разумее, параілі нам пайсці да псіхолага. Дачка баіцца выходзіць на вуліцу гуляць, толькі дом — школа — дом. Малодшай 3 гады, ёй патлумачылі, што тата хварэе», — кажа Вольга.
Вадзім Дзмітранок — не толькі вядомы архітэктар. Ён быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, пазней увайшоў у пашыраны склад Каардынацыйнай рады.