Выклікаюць для дактыласкапіі? Што варта ведаць

Як паведамляюць лідчане ў мясцовых чатах, у Лідскі РАУС выклікаюць тых, хто раней прыцягваўся да адказнасці па арт. 23.34 КаАП, каб узяць адбіткі пальцаў і сліну (для ДНК). У сувязі з гэтым «Вясна» нагадвае, што варта ведаць пра працэдуру дактыласкапіі.

fingerprint_150159_1280.png


1. Што такое дактыласкапаванне?
Паводле Закона «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», дактыласкапаванне — атрыманне адбіткаў скурных узораў, якiя ўтвараюцца папіллярнымі лініямі ногцевых фаланг і далоневых паверхняў рук, на матэрыяльных носьбітах.
У народзе — «адбіткі пальцаў».

 2. Якія віды дактыласкапічнай рэгістрацыі бываюць?


Вылучаюць абавязковую і добраахвотную дактыласкапічную рэгістрацыю.
Па ўласным жаданні здаць адбіткі пальцаў могуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, па месцы жыхарства або знаходжання на падставе пісьмовай заявы і пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае асобу.
Непаўналетнія могуць таксама быць добраахвотна дактыласкапіраваныя на падставе заявы бацькоў і пры іх прысутнасці з дакументам, які пацвярджае асобу, і з пісьмовай згоды саміх непаўналетніх, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту.

 3. Хто падлягае абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі?


Абавязкова здаваць адбіткі пальцаў павінны:
— грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прызываюцца і паступаюць у добраахвотным парадку на вайсковую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, а таксама якія прызываюцца на альтэрнатыўную службу, праходзяць ваенную службу ў дзяржаўных органах, у якіх прадугледжана ваенная служба, iншых войсках і вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь;— грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія праходзяць службу або працуюць у органах унутраных спраў, прафесійных аварыйна-выратавальных службах, падатковых органах, мытных органах, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органах пракуратуры, Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.— члены экіпажаў паветраных, марскіх і рачных судоў Рэспублікі Беларусь;— асобы, якія працуюць на небяспечных вытворчых аб'ектах;— грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, прызнаныя недзеяздольнымі або абмежаваныя ў дзеяздольнасці па рашэнні суда; падазраваныя (абвінавачаныя) у здзяйсненні злачынства альбо асуджаныя за здзяйсненне злачынства;— асобы, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках у органах унутраных спраў, асобы, у дачыненні да якіх ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, а таксама асобы, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, за што прадугледжаная адказнасць у выглядзе адміністрацыйнага арышту;— замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якiя падлягаюць дэпартацыi або высылцы з Рэспублікі Беларусь;— замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якiя прыбылi ў Рэспублiку Беларусь i звярнулiся з хадайніцтвам аб наданні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку, альбо якія маюць часовую абарону, а таксама звярнуліся за атрыманнем дазволу на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, за выключэннем непаўналетніх, якiя не дасягнулi 14-гадовага ўзросту, і людзей, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту;— ваеннаабавязаныя.

 4. А фатаграфавацца абавязкова?


На жаль, так, бо супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць права ажыццяўляць фатаграфаванне, гукапіс, кіна- і відэаздымку:
— асоб, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс; асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту;— асоб, якія падлягаюць дэпартацыi або высылцы з Рэспублікі Беларусь у прымусовым парадку;асоб, якія накіроўваюцца ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі Міністэрства ўнутраных спраў;непаўналетніх пры ажыццяўленні прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх;а таксама асоб, якія стаяць на прафілактычным уліку.

5. Мяне затрымалі і знялі адбіткі пальцаў, але я не здзяйсняў/ла ніякага адміністрацыйнага правапарушэння. Ці законна гэта?


Факт здзяйснення або нездзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння павінен устанавіць суд. У выпадку рашэння суда аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту ў вас маюць права браць адбіткі пальцаў.
Праводзіць жа дактыласкапічную рэгістрацыю прымусова ад моманту затрымання да дастаўлення ў суд — незаконна.
Калі ж вам «прапанавалі» здаць адбіткі, паабяцаўшы больш хуткае вызваленне ці нешта яшчэ, а вы пагадзіліся — гэта можа расцэньвацца як добраахвотная дактыласкапія.

6. А што будзе, калі я адмоўлюся ад дактыласкапіі?


Адмова грамадзян, якія падлягаюць абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі, цягне за сабою наступленне прававых наступстваў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Прасцей кажучы, вас могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў (арт. 23.4 КаАП).
Аднак, ключавымі момантамі тут будуць: ці трапляеце вы ў катэгорыю асоб, якія абавязаны здаць адбіткі ў гэты час, і ці з'яўляецца патрабаванне супрацоўніка міліцыі «законным.

7. Ці могуць гвалтоўна правесці працэдуру дактыласкапіі?


Адзін з прынцыпаў аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі абвяшчае, што яе правядзенне не павінна прадстаўляць небяспеку для здароўя чалавека, зневажаць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Відавочна, беспадстаўнае ўжыванне сілы для зняцця адбіткаў будзе парушаць гэты прынцып.
Тым не менш, калі прымяненне сілы законна і абгрунтавана, а таксама калі негвалтоўнымі спосабамі спыненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў зрабіць немагчыма, супрацоўнікі міліцыі могуць яе ўжываць.

8. Што рабіць, калі адбіткі пальцаў ўсё ж такі ўзялі без належных на тое падстаў?


Вы можаце напісаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі начальніку РУУС, у Следчы камітэт і пракуратуру, а таксама ў суд.
Важна памятаць, што службовыя асобы дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць атрыманне, выкарыстанне, захоўванне i знiшчэнне дактыласкапічнай інфармацыі, нясуць адказнасць за парушэнне правілаў атрымання, выкарыстання, захоўвання і знішчэння дактыласкапічнай інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, калі ў вас ўзялі адбіткі пальцаў і адпусцілі без складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, вы можаце звярнуцца з пісьмовай заявай аб іх знішчэнні ў орган унутраных спраў па месцы жыхарства. Пра знішчэнне названай дактыласкапічнай інфармацыі орган унутраных спраў паведамляе заяўнiку ў тэрмiн не пазней за 30 сутак з дня падачы заявы.

9. А адбор сліны таксама падпадае пад Закон «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі»?


Геномная рэгістрацыя (якую праводзяць пры дапамозе аналізу сліны) не можа праводзіцца прымусова: здаваць ўзоры па-за адміністрацыйным або крымінальным працэсам грамадзяне не абавязаныя. У крымінальным ці адміністрацыйным працэсе адбор узораў для экспертнага даследавання можа быць ажыццёўлены паводле пастановы адпаведна следчага або асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс, пад пагрозай адміністрацыйнай адказнасці за адмову ад выканання правамернага патрабавання.
Хоць варта разглядаць і такі варыянт: узоры бяруцца ў падазраваных альбо ў асоб, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс; у гэтым выпадку адмову ад здачы узораў можна аргументаваць як рэалізацыю права на абарону.
Распрацоўка Закона «Аб геномнай рэгістрацыі» вядзецца даўно, але ў Беларусі ён да гэтага часу не прыняты. Міжнародная дэкларацыя аб генетычных даных чалавека яшчэ ў 2003 годзе вызначыла правамерныя мэты збору, апрацоўкі і захоўвання такіх даных.