Выдавец газеты «Вольны горад» падаў касацыйную скаргу

Выдавец газеты «Вольны горад» Уладзімір Кудраўцаў накіраваў касацыйную скаргу ў Магілёўскі абласны суд на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013 года.



magil_abl_sud.jpg

Нагадаем, што тады суд Крычаўскага раёна вынес рашэнне па іску «аб абароне дзелавой рэпутацыі» з боку КУП «Чэрыкаўскае ПМК № 280» супраць незалежнай газеты «Вольны горад». Суддзя Аляксандр Курылін  прызнаў распаўсюджаныя ў газеце «Вольны горад» (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) звесткі ў артыкуле «Прыгонныя» адносна КУП «Чэрыкаўскае ПМК-280» не адпавядаючымі рэчаіснасці і абавязаў газету апублікаваць абвяржэнне.

Уладзімір Кудраўцаў не пагадзіўся з рашэннем суда Крычаўскага раёна і ў сваёй касацыйнай скарзе ў Магілёўскі абласны суд выклаў цэлы шэраг аргументаў, чаму ён не можа гэта зрабіць. У прыватнасці, выдавец газеты «Вольны горад» спасылаецца на тое, што іск з боку КУП «Чэрыкаўскае ПМК-280» у суд Крычаўскага раёна не быў аформлены адпаведным закону чынам і не павінен быў наогул прымацца да разгляду ў судзе. Таксама Уладзімір Кудраўцаў указвае на шэраг недакладнасцяў у іску Чэрыкаўскага ПМК-280 да газеты «Вольны горад».

У касацыйнай скарзе ў Магілёўскі абласны суд Уладзімір Кудраўцаў піша, што суддзя Аляксандр Курылін не задаволіў усе яго асноўныя хадайніцтвы, у тым ліку пра тое, каб Чэрыкаўскім ПМК-280 у суд былі прадастаўлены калектыўныя дамовы, кантракты з працаўнікамі, а таксама агульная аплатная ведамасць на выплату заробкаў і дапамог, плацёжныя даручэнні банка аб пералічэнні работнікамі прадпрыемства, атрымліваючымі заробак, падаходнага падатку. Па меркаванні Уладзіміра Кудраўцава, было парушана яго канстытуцыйнае права на неперадузяты суд.

Таксама ў касацыйнай скарзе Уладзімір Кудраўцаў паведамляе пра тое, што 4 ліпеня ён атрымаў адказ з суда Крычаўскага раёна на сваю заяву аб выдачы матывацыйнай часткі рашэння суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня, у якім пішацца, што рашэнне суда вынесена «з матывацыйная часткай ад самага пачатку». Уладзімір Кудраўцаў не пагаджаецца з гэтым сцвярджэннем і прыводзіць пераканаўчыя доказы аб гэтым, называючы прозвішчы шэрагу сведкаў ранейшага вуснага адказу суддзі Аляксандра Курыліна пра тое, што матывацыйную частку можна будзе атрымаць пасля адпаведнай заявы ў суд.

У сувязі з гэтым Уладзімір Кудраўцаў лічыць, што сцвярджэнне пра тое, што рашэнне суда Крычаўскага раёна «ад самага пачатку вынесена з матывацыйнай часткай» не адпавядае рэчаіснасці і з’яўляецца спробай з боку суда Крычаўскага раёна ўвесці яго ў зман з мэтай перашкодзіць ажыццяўленню яго права на абскарджванне рашэння. Калі б суддзя адразу аб’явіў пра тое, што выносіць рашэнне з матывацыйнай часткай, то, як сцвярджае Уладзімір Кудраўцаў, ён бы падаў касацыйную скаргу ў Магілёўскі абласны суд у дзесяці дзённы тэрмін з моманту атрымання рашэння

Выдавец «Вольнага горада» просіць абласны суд аднавіць тэрмін падачы касацыйнай скаргі ў суд Магілёўскай вобласці і адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013 года.

Рэдактар газеты «Вольны горад» Сяргей Няроўны кажа, што яго вельмі здзівіў адказ з суда Крычаўскага раёна са сцвярджэннем, што «рашэнне суда вынесена з матывацыйная часткай ад самага пачатку».

«Нейкая дэтэктыўная гісторыя атрымліваецца, — кажа Сяргей Няроўны. — Я асабіста, як законны прадстаўнік Уладзіміра Кудраўцава, напрыканцы паседжання суда пасля аб’яўлення рашэння, задаў пытанне суддзі Аляксандру Курыліну «Як і калі нам магчыма атрымаць матывацыйную частку рашэння?», на што суддзя адказаў: «Ніякіх праблем. Пішыце заяву ў суд і атрымаеце». Пры агалошанні рашэння прысутнічаў цэлы шэраг сведкаў, якія могуць усё гэта пацвердзіць, але суддзя Аляксандр Курылін чамусьці знянацку забыўся пра дадзены ім адказ».

Незалежная газета «Вольны горад» выдаецца накладам 299 асобнікаў, распаўсюджваецца на тэрыторыі Крычаўскага і суседніх раёнаў усходняй Магілёўшчыны.


spring96.org