Валянціна Каваленка: суддзя вымусіў мяне пакінуць судовы працэс

Суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Валерый Есьман вымусіў пенсіянерку пакінуць судовы працэс да яго завяршэння. У знак салідарнасці з ёй залу судовых пасяджэнняў пакінулі сябры, жанчыны-паплечніцы і журналісты.

kavalenka_sud_22.4.16_logo.jpg

На здымку — Валянціна Каваленка дае інтэрв'ю журналістам перад пачаткам судовага пасяджэння

Пра гэта 22 красавіка заявіла жыхарка Бабруйска Валянціна Каваленка карэспандэнту НЧ пасля таго, як выйшла з залы судовага пасяджэння.

 

Нагадаем, што 31 сакавіка на Плошчы Свабоды 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны — правялі пікет, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў. Падчас пікетавання людзі сталага веку трымалі плакаты: “Гульні ў дэмакратыю скончыліся з намі 11 кастрычніка”, “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.

 

Удзельнікі акцыі спачатку звярнуліся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Касінца з пісьмовай просьбай аб прыёме, аднак не атрымалі аніякага адказу.

 

У дзень асабістага прыёму грамадзян, што адбываецца раз на тры месяцы, актывісты ініцыятывы прыйшлі ў прыёмную кіраўніка дзяржавы. Грамадзяне безвынікова прачакалі ў маленькім памяшканні-вітальні, дзе нават не ўсе людзі сталага веку змаглі прысесці, больш за дзве гадзіны, аднак так і не былі прынятыя спадаром Касінцом. І тады яны рушылі на Плошчу Свабоды.

 

Там пенсіянераў ужо чакалі невядомыя асобы ў цывільным, якія здымалі людзей на відэакамеры і паведамілі, што пікетаванне недазволенае. У адказ грамадзяне заявілі, што права на пікетаванне з’яўляецца канстытуцыйным; згодна закону аб масавых мерапрыемствах, яны напісалі заяўку на акцыю ў Мінгарвыканкам, але замест дазволу на пікет атрымалі адпіску.

 

Праз тыдзень шэраг грамадскіх актывістаў, у тым ліку Валянціна Каваленка даведаліся, што на іх былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Прычым бабруйчанка была запрошаная ў суд Цэнтральнага раёна на 9.00 22 красавіка. Падтрымаць жанчыну прыйшлі яе сябры з Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, а таксама журналісты незалежных СМІ.

 

Паколькі суддзя Валер Есьман не задаволіў большасць хадайніцтваў Валянціны Каваленкі, праз 40 хвілін з пачатку судовага пасяджэння пенсіянерка адмовілася ўдзельнічаць у судовым працэсе.

 

Як паведаміла спадарыня Валянціна, 15 красавіка яна накіравала начальніку Цэнтральнага РУУС пісьмовую скаргу на дзеянні ўчастковага інспектара міліцыі гэтага ўпраўлення Антона Зубцова, аднак адказу на сваю скаргу не атрымала. Таму жанчына прасіла суд зрабіць перапынак для высвятлення вынікаў разгляду яе скаргі. Бо згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, калі скаргу пенсіянеркі да накіравання адміністрацыйнай справы ў суд не паспеў разглядзець начальнік РУУС, гэты зварот павінен разглядацца судом. Аднак суддзя Валер Есьман не задаволіў гэтае хадайніцтва грамадзянкі.

 

Апроч таго, яна хадайнічала, каб адміністрацыйны пратакол, які немагчыма разабраць з-за ягонай нечытэльнасці, быў напісаны разборлівым почыркам. Але суддзя Валер Есьман адмовіў Валянціне Каваленка і ў гэтым хадайніцтве.

 

Пра незаконныя дзеянні суддзі Валеры Есьмана жанчына пакінула запіс ў Кнізе заўвагаў і прапановаў суду і заявіла, што 12 траўня разам з мужам Аляксандрам Каваленкам яны зноў выйдуць на сталічную Плошчу Свабоды, каб адстаяць правы іх адзінага зняволенага сына, які не можа атрымаць адказы на свае пытанні з органаў суду.

 

Пазней стала вядома, што бабруйчанка была пакараная адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічынь (4,2 мільёна рублёў) пры месячнай пенсіі, што складае 2 мільёна 280 тысяч 900 руб. 

 

У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей, якая прысутнічала ў судзе, адзначыла, што паводзіны суддзі Валеры Есьмана сведчаць пра ягонае нежаданне нават фармальна выконваць айчыннае заканадаўства. “Нават сам працэс быў прызначаны на 9.00, калі толькі адчыняюцца дзверы суда. Я лічу што гэта было зроблена наўмысна, каб пенсіянерка з Бабруйска не паспела на судовае пасяджэнне, прызначанае на такі час”, — сказала Тамара Сяргей.