Валянцін Стэфановіч: Ну што ж, мы пачакаем

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч разважае пра складанасці працы ГА "Вясна" без рэгістрацыі і нагадвае, што з  2000 года ў краіне не было зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі, ніводнага новага праваабарончага аб’яднання  



stefanovich_8.jpg

Фота з сайта spring96.org

Канферэнцыя па праблеме смяротнага пакарання, якая прайшла на мінулым тыдні ў Мінску, шчыра прызнаюся, выклікала ў мяне змяшаныя пачуцці і патрабуе пэўнага асэнсавання.

З аднаго боку, безумоўным станоўчым аспектам з’яўляецца тое, што канферэнцыя па такой важнай праваабарончай праблеме, як смяротнае пакаранне, прайшла на такім прадстаўнічым узроўні. У ёй прынялі ўдзел спецыяльны дакладчык ПАСЕ па Беларусі сп. Рыгоні, адмысловы прадстаўнік па правах чалавека ЕС сп. Ламбрынідзіс, шэраг прадстаўнікоў амбасадаў краінаў ЕС, акрэдытаваных у Беларусі. Арганізатарамі канферэнцыі выступалі ПРААН у Беларусі, Брытанская амбасада і МЗС Беларусі. Хацелася б спадзявацца, што правядзенне такой канферэнцыі стане першым крокам на шляху да ўвядзення мараторыя на выкананне смяротных прысудаў у нашай краіне. Ну ці прынамсі пачаткам дыялогу па гэтай праблеме.

Аднак выступ намесніка МЗС Беларусі Валянціна Рыбакова, у якім была выкладзена афіцыйная пазіцыя ведамства адносна адмовы ў запрашэнні да ўдзелу ў дадзенай канферэнцыі прадстаўнікоў нашай арганізацыі, у мяне выклікае вялікае шкадаванне і расчараванне. Справа тут не столькі ў тым, што прадстаўнікоў арганізацыі, якая актыўна займаецца праблемай смяротнага пакарання апошнія восем гадоў, не запрасілі да ўдзелу ў канферэнцыі на гэтую тэму, а ў тым, што ўся гэта сітуацыя яшчэ раз яскрава прадэманстравала праблему з рэгістрацыяй “Вясны” і наогул  палітыку ўрада ў дачыненні да нас і іншых няўрадавых арганізацый у краіне.

Падобна, што афіцыйныя ўлады пакуль не здольныя адысці ад канфрантацыйных падыходаў у дачыненні да Праваабарончага цэнтру “Вясна” і будуць кіравацца такімі падыходамі ў бліжэйшы час. Падобна, што палітычнага рашэння адносна рэгістрацыі “Вясны” няма і не будзе. Час яшчэ не прыйшоў.

Гэтая акалічнасць азначае, што звяртацца ў чарговы раз у Міністэрства юстыцыі з заявай аб дзяржаўнай рэгістрацыі — справа абсалютна бессэнсоўная. Проста ва ўладаў з’явіцца яшчэ адзін “аргумент” пра тое, што заснавальнікі, маўляў, не здольныя нават правільна аформіць дакументы. Пры гэтым мы не пачуем адказу на пытанне пра тое, чаму рэгіструючы орган не прадаставіў адтэрміноўкі для выпраўлення знойдзеных (а яны іх абавязкова знойдуць) нязначных недахопаў у дакументах. Дакладней пачуем, што прадастаўленне адтэрміноўкі ў рэгістрацыі — гэта права, а не абавязак рэгіструючага органа.

Мы ведам, як яно будзе. Бо праходзілі гэта тройчы – у 2007-м, 2009-м гадах. І слухаць у чарговы раз пра тое, што хтосьці са спісу заснавальнікаў арганізацыі дапусціў памылку ў назве месца працы, указаўшы замест “спартовая секцыя” “спартовы кружок” ці замест “сярэдняя агульнаадукацыйная школа” проста “сярэдняя школа”, я асабіста не хачу.

Так, мы, вядома, можам зноўку прайсці ўсе судовыя інстанцыі, зноўку ўзняць багата шуму, зноўку звярнуцца ў КПЧ ААН са скаргай на парушэнне Рэспублікай Беларусь нашых правоў, а КПЧ прыме чарговае рашэнне аб парушэнні Артыкула 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Мы ўжо маем два такія рашэнні, але афіцыйныя ўлады лічаць іх неабавязковымі для выканання. Вядома, мы не згодныя з такім падыходам да выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў дзяржавай, але змусіць перарэгістраваць ПЦ “Вясна” мы таксама не ў сілах.

Праблема ў тым, што дзеючае на сёння ў краіне заканадаўства, якое рэгулюе рэгістрацыю грамадскіх аб’яднанняў, дае магчымасць рэгіструючаму органу адмовіць у рэгістрацыі аб’яднання праз адсутнасць коскі ці кропкі. Такое заканадаўства робіць магчымым селектыўны падыход да рэгістрацыі, заснаваны выключна на палітычнай мэтазгоднасці. Практыка апошніх прынамсі 15 гадоў яскрава сведчыць пра гэта.

З 2000 года ў краіне не было зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі, ніводнага новага праваабарончага аб’яднання. Адзінае выключэнне — рэгістрацыя Грамадскага аб’яднання “Рух за свабоду” ў 2007-м, у часы гэтак званай “першай лібералізацыі” 2007–2010 гадоў.

Толькі за апошнія некалькі месяцаў адмовы ў рэгістрацыі атрымалі БХД (шосты раз), “Гавары праўду” (чацвёрты раз), грамадскае праваабарончае аб’яднанне “За справядлівыя выбары” (чацвёрты раз).

Колькі ж разоў трэба звярнуцца ў Мінюст, каб нарэшце атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю? Пяць, сем, дваццаць пяць разоў? У нас на гэта няма ні часу, ні сілаў, ні жадання. Дакладней, жаданне атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю ў нас якраз ёсць, і мы гатовыя падаць дакументы на рэгістрацыю ў выпадку, калі ўлады будуць гатовыя на такі крок.

А пакуль усё застаецца па-ранейшаму. За 20 гадоў існавання Праваабарончы цэнтр “Вясна” дзейнічаў у зарэгістраваным статусе (уключна з мінскай гарадской арганізацыяй “Вясна-96”) з 1997 па 2003 год — усяго 6 гадоў! Гэта яскрава адлюстроўвае гісторыю нашых узаемаадносінаў з уладамі, яны ніколі не былі лёгкімі, з самага пачатку нашай дзейнасці. Я ўжо не кажу пра перыяд прамых рэпрэсій у дачыненні да сяброў арганізацыі ў 2010–2011 гадах, які прывёў да ўвязнення старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага на чатыры з паловай гады, пазбаўлення арганізацыі офісу, цкавання сяброў арганізацыі з боку КГБ. Мы памятаем гэты час і, напэўна, ужо ніколі не забудзем.

Зараз улады дэкларуюць нібыта новы курс, які пакуль не прывёў да нейкіх істотных зменаў. Улады нават не прадпрынялі мінімальных крокаў аднаўленчага характару, якіх ад іх чакае беларуская праваабарончая супольнасць. Што нам застаецца рабіць у такой сітуацыі? Проста працаваць, працаваць, як заўсёды, без афіцыйнай рэгістрацыі, як мы робім на працягу вось ужо 13 гадоў.

Што ж, мы пачакаем. Будзеце гатовыя да больш канструктыўных крокаў — ведаеце, дзе нас знайсці.

Валянцін Стэфановіч,
намеснік старшыні Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”


spring96.org