Валерый Карбалевіч: «Галоўная задача Акадэміі навук — забеспячэнне лаяльнасці існуючай уладзе»
Палітычны аглядальнік — аб тым, ці рэалістычная задача, якую Лукашэнка паставіў перад навукоўцамі.
На цырымоніі ўручэння дзяржпрэмій і дыпломаў акадэміка і
члена-карэспандэнта вучоным Нацыянальнай акадэміі навук кіраўнік назваў
стратэгічную задачу для навукі і вытворчасці:
— Гэта павышэнне эфектыўнасці навуковых пошукаў, стварэнне
сучасных тэхналогій і іх шырокае ўкараненне.
Таксама Лукашэнка заклікаў забяспечыць выхад эканомікі на ўзровень
устойлівага інавацыйнага развіцця і значна павысіць валавы ўнутраны прадукт:
— Па сутнасці, у нас няма іншага выбару — мы павінны быць
сярод лідараў.
Наколькі рэалістычная гэтая задача?
— Навука — частка эканамічнай і сацыяльнай сістэмы. Калі гэтая
сістэма дэградуе, то непазбежна павінна дэградаваць і навука, — адзначыў у
экспрэс-каментары «Салідарнасці» Валерый Карбалевіч. — І яна сапраўды
дэградуе, таму што з кожным годам даход ад укладання ў навуку ўсё менш.
Да таго ж у Беларусі захавалася архаічная сістэма: Акадэмія навук — спадчына Савецкага Саюза, з нярынкавай структурай, якую спрабуюць упісаць у эканоміку, дзе па-ранейшаму дзейнічаюць адміністрацыйныя метады. Таму хутчэй гэта нейкія рытуалы, якія час ад часу Лукашэнка прамаўляе наконт інавацый, навукі і іншае.
Ва ўмовах тых падзей, якія адбываюцца, калі нелаяльных
навукоўцаў выганяюць, калі на першае месца выходзяць не навуковыя дасягненні,
не прафесіяналізм, а палітычная лаяльнасць, чакаць ад Акадэміі навук чагосьці
эфектыўнага наўрад ці магчыма.
Тым больш намеснікам Старшыні Прэзідыума прызначаны былы намеснік старшыні КДБ. Галоўная задача Акадэміі навук — гэта не столькі вытворчасць навуковай прадукцыі, колькі забеспячэнне лаяльнасці існуючай улады.