Ушанавалі памяць Міхала Валовіча
Сябры БХД са Слоніма ўшанавалі памяць Міхала Валовіча — аднаго з кіраўнікоў вызваленчага руху 1830–1833 гадоў супраць Расейскай імперыі.
У вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства па ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў вызваленчага руху 1830–1833 гадоў супраць Расейскай імперыі Міхала Валовічаі яго 12 паплечнікаў.
Да памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на могілках вёскі Парэчча, прыехалі і слонімскія сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якія ўсклалі кветкі на мемарыяльны знак і ўшанавалі герояў хвілінай маўчання.
Некалі Валовічы пабудавалі ў Парэччы з дрэва ўніяцкі храм, але ў 1842 годзе ён згарэў. Потым на месцы згарэлага храма быў пабудаваны новы з камення і цэглы, ужо праваслаўны. У другой палове ХХ стагоддзя ён ператварыўся ў калгасны склад. І толькі ў 1990-х гадах будынак храма быў вернуты праваслаўнай царкве і зараз яна амаль адбудавана па-новаму.
Дзесьці на могілках каля царквы некалі знаходзілася магіла Валовіча, але бальшавікі яе зраўнялі з зямлёй.
Пасля Францыі, Міхал Валовіч вярнуўся на Бацькаўшчыну, бо не змог жыць на чужбіне. "Кліча Айчына — не магу без яе”, — казаў ён некалі. І ён вярнуўся, хаця ведаў, што яго чакае наперадзе.
Пра ўсё гэта ў сваім выступленні сказаў слонімец Мікалай Барысік.
Міхал Валовіч загінуў у барацьбе за волю свайго народа. Але памяць пра яго жыве не толькі на роднай Слонімшчыне, але і ва ўсёй Беларусі.