У гульні “Паўстанцы” перамагла гістарычная праўда
Прэзентацыя гульні прайшла 13 красавіка ў Варшаве. Імпрэза адбывалася ў Палацы культуры і навукі. Арганізатарам сустрэчы выступіла “Беларуская Нацыянальная Памяць”.
Спачатку стваральнікі гульні — паэт Антон Янкоўскі і дызайнер Настасся Лукашова — правялі кароткую лекцыю-інструкцыю, пасля чаго 12 добраахвотнікаў
пачалі гуляць. З іх былі ўтвораныя 3 групы: вядомых удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў, царскіх службоўцаў і звычайных беларусаў, якія маглі выступаць на баку адных і другіх.
У выніку, пасля 2,5 гадзінаў змагання, паўстанцы былі разбітыя, а лепшым гульцом быў прызнаны генерал-губернатар Мураўёў. Яму карты гульні дасталіся задарма, у падарунак. Іншыя прысутныя змаглі
набыць “Паўстанцаў”.
Некаторымі элементамі гульня нагадвала іншую вядомую забаву — “Мафію”. Гуляць у яе, па словах стваральнікаў, можна пачынаць з 12 гадоў. Колькасць удзельнікаў можа быць ад 6 да 20 чалавек.