У Слуцку зноў адстаялі рэгіён ад патэнцыйна небяспечнай вытворчасці
Слуцкі райвыканкам адказаў абласному каардынатару Руху «За Свабоду» Віталю Амяльковічу пра новую спробу стварэння патэнцыйна небяспечнай для экалогіі рэгіёну вытворчасці па ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў.
Пляцоўка па біялагічнай ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў можа паўстаць на ўчастку ваеннага гарадка ў 6 кіламетрах ад вёскі Адамова. Слуцкія ўлады ўжо праводзілі грамадскія слуханні, якія зацвердзілі дадзенае рашэнне. Мясцовыя жыхары актыўна змагаліся з гэтым, сабралі подпісы, звярнуліся да правабаронцаў, у тым ліку і да сябра БХК і каардынатара Руху «За Свабоду» ў Мінскай вобласці Віталя Амяльковіча. Пасля ягонай скаргі вынікі тых слуханняў былі прызнаныя несапраўднымі.
Аднак улады зноў вынеслі на абмеркаванне магчымасць з’яўлення вытворчасці. Гэта выклікала пратэст мясцовых жыхароў, а сам Амяльковіч запатрабаваў ад райвыканкама правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы і сходу па абмеркаванні справаздачы па Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
«Слуцкі райвыканкам паведамляе, што справаздача ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плаванавай дзейнасці „Вытворчасць па біялагічнай ацэнцы нафтазабруджаных грунтаў на ўчастку ваеннага гарадку Паўлаўка“, якая праходзіць працэдуру грамадскага абмеркавання, не ў поўнай ступені адпавядае ўмовам Палажэння пра правядзенне ацэнкі, патрабаванням да складу справаздачы, спецыялістам, якія праводзяць ацэнку», — сказана ў адказе за подпісам намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама М. Пенязя.
У выніку райвыканкам вырашыў прыпыніць «працэдуру грамадскага абмеркавання».
Вольга Быкоўская, pyx.by