У нас адзін з лепшых законаў аб бежанцах
Але ці паедуць масава ў Беларусь учекачы? Ці гатовыя нашы людзі талерантна да іх адносіцца?
Да вырашэння праблемы
ўцекачоў актыўней задзейнічаюць і беларускіх настаўнікаў і выкладчыкаў. У Мінску наладзілі
двухдзённы семінар для спецыялістаў сістэмы адукацыі. Ён прысвечаны не толькі
працы з дзецьмі-уцекачамі, але і фармаванню ў грамадстве талерантнага стаўлення
да іх.
Арганізатарамі
мерапрыемства, якое праводзіцца ўжо другі раз, сталі Упраўленне Вярхоўнага
камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства
адукацыі і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”.
У свеце зараз больш за 65
мільёнаў прымусовых перасяленцаў, 21 мільён з іх — бежанцы,
палова якіх — дзеці. Такія лічбы агучыў на адкрыцці семінара Жан Іў Бушардзі,
прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.
“У Беларусі пад нашай
абаронай знаходзіцца каля 8600 чалавек, — паведаміў ён. — І разам з урадам
Рэспублікі Беларусь мы працуем над тым, каб забяспечыць гэтых людзей бяспечным
месцам для жыцця і выхавання сваіх дзяцей. Складана адмаўляць той факт, што за
апошнія 20 гадоў свет вельмі змяніўся. Тым не менш, застаецца нязменным тое,
што колькасць прымусовых мігрантаў расце. А новыя канфлікты — узяць хаця б
украінскі — пастаянна ўзнікаюць і перарастаюць у працяглыя. У гэтых умовах
цэнтр “Эўрыка” не толькі дапамог палепшыць жыццё сямей уцекачоў, але і набыў
вопыт, якім важна дзяліцца”.
Марына Мельнік, памочнік па праграмнай дзейнасці прадстаўніцтва УВКБ ААН,
адзначыла:
— Мы хочам даць практычныя навыкі педагогам у сувязі з тым, што да іх
прыходзяць дзеці са статусам уцекача. І многія дагэтуль не сутыкаліся з такімі
дзецьмі. Мы хочам даць ім гэтыя веды. А яшчэ распавесці пра канкрэтныя метады
працы з беларускімі дзецьмі для выхавання талерантных адносінаў да дзяцей
уцекачоў. Ну і, канечне ж, павысіць узровень ведаў саміх педагогаў па гэтай
праблеме. Гаворачы аб праекце з “Эўрыкай” па сацыяльнай інтэграцыі і адаптацыі
дзяцей уцекачоў, хацелася б пашырыць нашу дзейнасць, вынесці яе за межы Мінска
і Мінскай вобласці. І больш актыўна займацца гэтым пытаннем у рэгіёнах.
У семінары бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі. Сярод іх
псіхолагі, дырэктары школ, прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі.
Валянціна Мастаўлянская, намеснік дырэктара “Эўрыкі”, распавяла:
— 19 гадоў наш цэнтр “Эўрыка” працуе з дзецьмі-уцекачамі. І ў нас існуе
цэлая сістэма — як працаваць з гэтымі дзецьмі, што для іх арганізоўваць, што
для іх будзе карысна, што будзе карысна для беларускіх школьнікаў, якія побач з
імі займаюцца і вучацца. Як выхоўваць талерантнасць у беларускіх школьнікаў і
як адаптаваць дзяцей уцекачоў.
Наступіў той момант, калі мы можам падзяліцца сваім вопытам. Таму што ў
рэспубліцы такога вопыту мала. Праект працы з дзецьмі-уцекачамі існуе толькі ў
нас у Мінску і толькі ў нашым цэнтры.
— З уцекачамі з якіх краін вы працуеце?
— У асноўным з уцекачамі з Афганістана. Была вялікая колькасць у нас яшчэ
хлопцаў з Абхазіі. Але яны ўжо выраслі. Ужо працаўладкаваліся. Па жыцці ў іх
усё добра.
У апошнія гады больш становіцца ўкраінскіх дзяцей, каторыя прыехалі
з-за канфлікту ва Украіне. Але гэта не дзеці ўцекачоў. Гэта дзеці, якія
знаходзяцца пад дадатковай абаронай. І ім прасцей. Яны ведаюць мову, яны
ўсё-такі з нашага нядаўняга мінулага, скажам так.
Большасць уцекачоў жывуць у нас у Мінску. Але не даводзіцца чакаць, калі
яны раптам масава прыедуць у іншую вобласць. Да гэтага трэба быць гатовымі. Мы
павінны ведаць, што рабіць у той ці іншай сітуацыі. І таму ўвесь вопыт, які ў
нас ёсць, мы транслюем у рэгіёны. Мы праводзім такі семінар у другі раз.
Магчыма, мы будзем рабіць гэта яшчэ. Для таго, каб гэтыя веды праніклі ў кожную
навучальную ўстанову нашай краіны.
— Ці чакаць у далейшым наплыву мігрантаў у Беларусь?
— Я не думаю, што яны масава сюды паедуць. У першую чаргу ўцекачы
накіроўваюцца у тыя краіны, дзе найбольш высокая матэрыяльная дапамога. Гэта не
наша краіна.
Але ў нас у Беларусі адзін з самых лепшых законаў аб бежанцах. Ён гарантуе
роўныя правы з беларускімі грамадзянамі. Беларускі грамадзянін працуе — мае
права на гэта і ўцякач. Беларускія дзеці вучацца — маюць права на гэта і дзеці
уцекачоў. Ужо хто гэтымі магчымасцямі як скарыстаецца — іншае пытанне.
Таму, канечне, з пункту гледжання уцекачоў лепш паехаць туды, дзе будуць
даваць бясплатную дапамогу. А не там, дзе табе для свайго забеспячэння
прыйдзецца працаваць. Але тыя, хто засталіся ў Беларусі, яны не шкадуюць. Таму
што яны ўліваюцца ў грамадства. Яны знаходзяць сваю прафесію, іх дзеці вучацца.
Яны атрымоўваюць такую ж адукацыю, як і нашы дзеці. Вось сіламі такіх праектаў,
як наш, мы іх падтрымліваем, аберагаем іх, можна сказаць, ад знешняга нейкага
негатыўнага ўплыву. Таму шмат уцекачоў не будзе, але яны будуць.
— А як беларускае грамадства адносіцца да ўцекачоў? Ці
сутыкаюцца яны з негатыўным стаўленнем?
— Магчыма дзесьці на побытавым узроўні і сустракаюцца. Але такога, каб гэта
было ўзведзенае ў ранг дзяржаўнай праблемы — такой праблемы няма. Мы працуем з
дзецьмі. І дзеці дастаткова лёгка знаходзяць агульную мову паміж сабой. І яны
цэняць адзін аднаго не па нацыянальных прыкметах, а па асобасных якасцях. А
вось для таго, каб яны мелі добрыя асабістыя якасці, мы робім ўсё магчымае. І
працай з бацькамі, і стварэннем такіх добрых умоваў, каторыя ёсць у нас у “Эўрыкі”
і ў школе.