У Мінску пачынаецца суд над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі

Усіх дзесяцёх палітзняволеных, залежна ад ролі кожнага, абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Мінгарсуд. Фота: БелТА

Мінгарсуд. Фота: БелТА

Праваабаронцаў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чуля і Мікіту Дранца, судзяць за падзеі 2016–2020 гадоў.
Працэс пачынаецца 25 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Справу 10 палітвязняў разглядае суддзя Сяргей Хрыпач.
Паводле прэс-службы СК, перададзеныя ў пракуратуру матэрыялы справы абвінавачаных склалі 160 тамоў.


У чым вінавацяць?

З інфармацыі ведамства вынікае, што абвінавачваюць зняволеных у арганізацыі, кіраўніцтве або ўдзеле ў «шэрагу арганізаваных злачынных групаў»: «Рэвалюцыйнае дзеянне», «Народная самаабарона» і «Революцiйна дiя». У СК адзначылі, што гэтыя аб’яднанні нібыта, сярод іншага, мелі «аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах са сваімі нефармальнымі лідарамі» і ўвайшлі ў склад «міжнароднай злачыннай арганізацыі» як яе структурныя падраздзяленні.
Ведамства лічыць, што кіраўнікамі былі трое абвінавачаных і іншыя асобы, якія «хаваюцца ад следства і актыўна робяць спробы працягнуць злачынную дзейнасць».
СК летась назваў такімі лідарамі 31-гадовага мужчыну, якога асудзілі ў 2011 годзе за сумесны ўдзел у акцыях з Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком, Дзмітрыем Дубоўскім і іншымі анархістамі, і 26-гадовую жанчыну (можна выказаць здагадку, што гэта Марфа Рабкова і Аляксандар Францкевіч, бо яны падыходзяць пад апісанне СК. — РС).
Паводле следства, гэтыя асобы сталі арганізатарамі падпалу падатковай інспекцыі Гомельскага раёна ў сакавіку 2017 года з выкарыстаннем «кактэйляў Молатава».
У СК таксама паведамілі, што яшчэ дваіх затрыманых падазраюць у тым, што яны ў 2016 годзе кінулі дымавую шашку ў будынак ГУБАЗіК у Берасці. Акрамя таго, следчыя лічаць, што затрыманыя спрычыніліся да псавання банэраў з выявай супрацоўнікаў міліцыі ў 2016–2020 гадах і падпалу білборду ў Івацэвічах.
Увесну 2017 і 2018 гадоў затрыманыя нібыта бралі ўдзел у перакрыцці праезнай часткі і блакаванні транспарту ў Берасці.

Паводле версіі ведамства, абвінавачаныя праз адміністраваныя імі рэсурсы публічна заклікалі да «нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступныя дні.



За што завялі справы?

Раней ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissident.by пералічыла, за якія акцыі завялі крымінальныя справы на 10 асобаў.
Сярод іх:

  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў шчыт з міліцэйскай інфармацыяй у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТ у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Дымавая шашка, кінутая ў будынак берасцейскага ГУБАЗіК у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Удзел у «Маршы недармаедаў» у 2017 годзе ў Берасці (арт. 342 КК).
  • Падпал «кактэйлямі Молатава» Гомельскай падатковай інспекцыі ў 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).
  • Падпал рэкламнага шчыта ў Івацэвічах у 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).
  • Перакрыццё трасы М1 на выездзе з Берасця ў 2018 годзе (арт. 342 КК РБ).
  • Графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе (арт. 341 КК).
  • Першамайскае графіці ў Берасці ў 2020 годзе (арт. 341 КК)
  • Арганізацыя і фінансаванне «масавых беспарадкаў» і ўдзел у іх (ч.1, 2 і 3 арт. 293 КК).
  • Дзеянні, накіраваныя на прычыненне пагрозы нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК).
  • Распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК).
  • Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).
  • Стварэнне злачыннай арганізацыі і кіраўніцтва ёю (ч. 1 арт. 285 КК)