У беларускіх вытворцаў з'явілася магчымасць адзначыць свой тавар як этычны
Бадай што кожны веган і аматар этычных прадуктаў добра ведае маркіроўку ў выглядзе сланечніка з лісточкамі лацінскай літарай "V", якое распачынае слова "Vegan". Такі значок можна сустрэць на некаторых імпартных прадуктах. І сведчыць ён пра адпаведнасць патрабаванням Веганскага таварыства.
Этычнасць прадукта азначае адсутнасць усялякіх кампанентаў жывёльнага паходжання ці выпрабаванняў на жывёлах. Беларускія тавары пакуль не маюць такога кшталту адзнак. Але ў хуткім часе ўсё можа змяніцца.
"Я звязаўся з Веганскім таварыствам і зразумеў, што прадукцыя ў іх маркіруецца без асаблівых праверак. Жадаючым пазначыць нейкі тавар, неабходна даслаць ім найменне, колькасць і прапісаць састаў, аплаціць лагатып… Вядома, у мяне гэта выклікала пэўныя сумненні. Захацелася самому навесці нейкі кантроль", — распавядае Яўген Кобальт пра сваю ідэю стварэння беларускай веганскай маркіроўкі.
Дзякуючы спецыялістам Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай маёмасці малады чалавек зарэгістраваў знак, з якім беларускія веганскія тавары змогуць выйсці на міжнародны рынак. Гэта дазволіць беларускім вытворцам стаць нішавымі і больш прывабнымі для спажыўцоў этычнай прадукцыі за мяжой, упэўнены Яўген.
"З'яўленне тавараў з лагатыпам «vegan.by» паспрыяе правышэнню лаяльнасці спажыўцоў , дапаможа зрабіць свядомы выбар. Акрамя ўсяго, спецыяльная маркіроўка павысіць узровень даверу ад патэнцыйна зацікаўленых пакупнікоў, партнёраў і інвестараў. А таксама дазволіць старыць здаровую канкурэнцыю для мясных і малочных вытворцаў", — мяркуе хлопец.
Зараз жа перад Яўгенам Кобальтам стаіць, бадай, самая адказная і складаная задача — наладзіць кантакты і зацікавіць вытворцаў у маркіроўцы сваіх тавараў, што адпавядаюць патрабаванням: не ўтрымліваюць кампанентаў жывёльнага паходжання і не тэстуюцца на жывёлах.
"З улікам даволі строгага беларускага заканадаўства ўсе экспартныя і імпартныя тавары праходзяць у нас санітарна-гігіенічную экспертызу. Таму пры жаданні вытворцы займець маркіроўку неабходна будзе прадаставіць склад прадуктаў і адпаведныя дакументы па экспертызе. Таксама напрацягу года будзе праводзіцца кантрольная закупка і паўторная праверка, каб пацвердзіць адпаведнасць умовам гандлёвага знака. Калі, напрыклад, рэцэптура тавара будзе зменена і перастане з'яўляцца веганскай, вытворца мусіць неадкладна паведаміць пра гэта. Пры парушэнні дамоўленасцяў прапісаны штрафныя санкцыі", — тлумачыць Яўген.
Вядома, у рэаліях, калі на вытворчасці на адной лініі могуць вырабляцца прадукцыя з раслінных кампанентаў і з утрыманнем жывёльных элементаў, дапускаецца ўтрыманне апошніх да 3%. Такія тавары таксама могуць атрымаюць гандлёвы знак, аднак вытворца павінны абавязкова ўказаць гэты нюанс на этыкетцы.
Пытанне выклікае магчымасць у будучым маркіраваць касметычныя сродкі як айчынных вытворцаў, так і замежных. Згодна з патрабаваннямі рэгламенту Мытневага саюзу, уся каметыка і парфюмерыя ў нашай краіне павінна прайсці спецыяльнае тэсціраванне на адпаведнасць.
Такім чынам, атрымоўваецца, калі нават замежны вытворца гарантуе спажыўцу, што крэм ці туалетная вада не выпрабоўваліся на жывёлах, на беларускім рынку ўжо ніхто не можа гэтага сцвярджаць.
Вядома, што ў апошнія гады ўсё больш з'яўляецца альтэрнатыўных спосабаў праверкі касметычных сродкаў. На жаль, у Беларусі яны пакуль не маюць маштабнага прымянення. Аднак з часам сітуацыя можа змяніцца, што дазволіць скласці свой спіс этычнай прадукцыі і вытворцаў.
"Яшчэ не да канца вырашана сістэма збірання грошаў за маркіроўку. З досведу іншых краін: у кагосьці гэта сума ад 150 даляраў, у іншых — адсотак ад гадавога прыбытку прадпрыемства. Магчыма мы зробім фіксаваную ўводную цану і пры жаданні дадаць дадатковыя найменні — будзе даплочвацца дробязь", — разважае Яўген.
І ўсё ж, каб у вытворцаў было казытлівае жаданне займець на сваім тавары адзнаку этычнага прадукта, дадатковай прапановай для іх стане ўключэнне ў электронны каталог, дзе будзе падрабязная інфармацыя пра прадпрыемства з пераходам на сайт пры наяўнасці такога. А таксама, як бонус, распрацоўка рэцэптаў з прадукцыяй.
Веганскае таварыства (The Vegan Society) было створана 1 лістапада 1944 года ў Велікабрытаніі. На мэце дабрачыннай арганізацыі было прасоўванне этычнай культуры і ладу жыцця. У 1992 годзе ў рэестры быў зарэгістраваны гандлёвы знак "Vegan", які вызначае пэўныя патрабаванні да распрацоўкі ці вытворчасці прадукцыі і не дапускае:
- выкарыстанне любых кампанентаў жывёльнага паходжання, другасных ці вытворных ад яго;
- тэставанне на жывёлах;
- выкарыстанне ГМА, у склад якіх уваходзяць жывёльныя гены. Пры падачы заяўкі на рэгістрацыю прадукта для сертыфікацыі рэчыва, якое ўтрымлівае ГМА, павінны мець адпаведную маркіроўку.
Такі знак не гарантуе, што прадукцыя з'яўляецца натуральнай.
З развіццём веганскага руху ў свеце спецыяльную маркіроўку пачалі распрацоўваць многія краіны свету:
- з 1995 года гандлёвы знак амерыканскай дабрачыннай арганізацыі Vegan Action VEGAN.ORG выкарыстоўваецца ў ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі і Аўстраліі;
- 1999 годзе гандлёвы знак зарэгістраваны з рэестры Еўропы;
- з 2001 года ў Індыі на спажывецкіх таварах прастаўляецца абавязковая маркіроўка: Veg для вегетарыянскіх (раслінных і малочных) прадуктаў і Non-Veg для прадуктаў, утрымліваючых мяса і яйкі.
- Маркіроўку для этычных тавараў мае Італія, Германія, швейцарская кампанія V-Label GmbH каардынуе гандлёвы знак краін Еўразвязу. З 2015 года падобны гандлёвы знак зарэгістраваны і ў Беларусі.