У Беларусі за год знікла 11 школ
У Беларусі ў 2020-2021 навучальным годзе зноў зменшылася колькасць школ. У краіне за год знікла 11 устаноў сярэдняй адукацыі.
![klass_v_zabroshennoj_shkole.jpg klass_v_zabroshennoj_shkole.jpg](/img/v1/images/klass_v_zabroshennoj_shkole.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле звестак Белстата, на пачатак 2020/2021 навучальнага года ў Беларусі налічвалася 3009 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з колькасцю навучэнцаў 1,1 млн чалавек, што на 26,5 тыс чалавек (на 2,6%) больш, чым на пачатак папярэдняга навучальнага года, паведамляе Thinktanks.by.
У мінулым навучальным годзе ў Беларусі дзейнічала 3020 устаноў сярэдняй адукацыі, якія навучалі 1031,7 тыс. дзяцей.
На пачатак 2017/2018 навучальнага года ў краіне налічвалася 3067 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Колькасць навучэнцаў у параўнанні з пачаткам 2016/2017 навучальнага года тады павялічылася на 12 тыс і склала 995 тыс чалавек.
У 2016/2017 навучальным годзе ў Беларусі функцыянавала 3167 школ.
Як раней лічыў Thinktanks.by, у 2015 годзе ў Беларусі налічвалася 3 230 школ. У 2010 годзе — 3 654 ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. У 2005 годзе такіх устаноў у нас налічвалася 4,1 тысяч, а ў 2000 — 4,7 тысяч. У 1994 годзе агульная колькасць школ у Беларусі складала каля 5 тысяч.