У Беларусі 35,3 тысячы беспрацоўных і 440 тысяч «дармаедаў». Як так?
Чаму «дармаедаў» больш за беспрацоўных? Пакуль «падатак на дармаедаў» сплацілі толькі 34 тысячы чалавек — у 13 разоў меней, чым было накіравана «лістоў шчасця».
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у эканоміцы Беларусі на снежань 2016 году было занята 4,3813 мільёна чалавек. А зарэгістраваных беспрацоўных было толькі 35,3 тысячы чалавек — гэта 0,8% эканамічна актыўнага насельніцтва.
Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных нават скарацілася — у лістападзе 2016-га іх было 35,8 тысячы чалавек.
Але пры гэтым за снежань звольнілі з працы на 10 тысяч чалавек болей, чым прынялі. Колькасць звольненых перавышала колькасць прынятых на працу 10 з 12 месяцаў 2016 года. Калі проста скласці звесткі па ўсіх месяцах, атрымаецца, што звольнілі на 108,1 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу.
440 тысяч «лістоў шчасця» і ў 10 разоў меней беспрацоўных
Пры гэтым колькасць «дармаедаў» на парадак большая: падатковыя органы накіравалі больш за 440 тысяч апавяшчэнняў пра неабходнасць сплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Збор вядзецца за 2015 год, калі афіцыйная колькасць зарэгістраваных беспрацоўных называлася роўнай 43,3 тысячы чалавек.
Чаму «дармаедаў» больш за беспрацоўных? Як тлумачыў “Радыё Свабода” эканаміст Леанід Заіка, у свеце колькасць беспрацоўных лічаць па хатніх гаспадарках, у Беларусі ж — па колькасці зарэгістраваных на біржы працы. Рэгістравацца на біржы хочуць далёка не ўсе, хто шукае працу, «гэта ўнікальныя людзі, якія ў нешта там вераць альбо хочуць атрымаць тыя 10 долараў на месяц». Тыя, хто страцілі працу, могуць ехаць на сельскагаспадарчыя ці будаўнічыя работы за мяжу альбо проста сядзець без працы.
«Дармаеды» не спяшаюцца плаціць
Ды той «падатак на дармаедаў» пакуль сплацілі толькі 34 тысячы чалавек — у 13 разоў меней, чым было накіравана «лістоў шчасця». Тэрмін выплаты збору працягнулі, цяпер яго трэба сплаціць да 20 лютага.
«Гавары праўду» прызначыла сход «дармаедаў» у Мінску на 7 лютага, «Беларускі нацыянальны кангрэс» абвясціў «Марш супраць пабору ўладаў» на 17 лютага, Аб’яднаная грамадзянская партыя запланавала Марш «дармаедаў» на 15 сакавіка. Маршы «дармаедаў» маюць прайсці таксама ў рэгіёнах.