Тыдзень нядбайных

Як мы пісалі раней, лета — найлепшы час для прыняцця непапулярных рашэнняў. І гэтыя рашэнні пакуль рыхтуюцца для прыняцця. Улада зараз вельмі заклапацілася рознымі слаямі нядбайных грамадзян: тых, якія п’юць, колюцца, не ходзяць на працу, і ад каго — адны непрыемнасці.



2233444.jpg

nnd.name

Пакуль праваабаронцы ездзяць па страсбургах-брусэлях, а нармальныя людзі адпачываюць, можна і «прасунуць» нейкія новаўвядзенні ў заканадаўства.

Так, Міністэрства ўнутраных спраў звярнула ўвагу на наркаманаў. Як высветлілася, МУС пакуль што ініцыявала ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за ўжыванне наркатычных сродкаў. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Васіль Лосіч.

«Мы зрабілі першы крок, і наша ініцыятыва была падтрыманая ўсімі зацікаўленымі бакамі. Наркаспажыванне — гэта тая з’ява, якая нейкім чынам павінна спыняцца дзяржавай. У сённяшні момант па нашай ініцыятыве падчас унясення зменаў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях разглядаецца норма, якая ўвядзе адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў у грамадскіх месцах. Гэты праект ужо быў разгледжаны ў першым чытанні ў парламенце, і мы не сустрэлі якіх-небудзь пярэчанняў», — сказаў прадстаўнік МУС.

Вось дзе дзіва-дзіўнае! Аказваецца, раней дзяржава і не думала рабіць захады па спыненні наркаспажывання! Больш за тое, «калоцца» і «дыміць бульбулятарам» можна было ў любым грамадскім месцы! Піва, значыць, піць было нельга, а «пусціць па венах дозу» — ласкава просім!

Яшчэ ў Беларусі будзе больш жорсткай адказнасць за незаконнае распаўсюджванне насення маку для вырабу наркотыкаў, паведаміў начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў. «Падрыхтаваны дэкрэт, узгоднены з усімі дзяржаўнымі органамі, і на працягу бліжэйшых 1–2 месяцаў ён будзе прыняты: дзейнасць тых, хто распаўсюджвае насенне маку, будзе спыняцца, штраф будзе ад 1 да 8 тысяч еўра. Будуць канфіскоўвацца і транспартныя сродкі, і тыя месцы — кватэры, гаражы, — адкуль яны распаўсюджвалі насенне маку», — сказаў Карпянкоў.

Паводле яго слоў, асноўным наркотыкам на беларускім рынку з’яўляецца выраблены з насення маку опій. Начальнік упраўлення адзначыў, што «гераін, метадон і іншыя цяжкія наркотыкі не распаўсюджаны на нашым рынку».

Дзякуй Богу, што хоць гераін не распаўсюджаны. Але раней грамадскія арганізацыі па барацьбе з гандлем маку ўносілі прапанову: увесці ў Беларусі інстытут спецімпарцёра маку і выдаткаваць квоту на ягоную пастаўку — не больш за тое, што трэба харчовай прамысловасці. Каб булкі з макам з прылаўкаў не зніклі, а зелле проста б не трапляла ў краіну. Гэтая прапанова пыліцца недзе на паліцах МУС. І зараз зразумела, чаму. Лепш увезці ў краіну шмат опійнага маку, а потым, дзеля папаўнення бюджэту, канфіскоўваць кватэры і транспартныя сродкі.

Дарэчы, спадар Карпянкоў пры гэтым абышоў увагай тыя кватэры, дзе з маку непасрэдна гатуецца опій. Яны ж канфіскоўвацца не будуць? Калі так, то баюся, што «дозы» будуць прадаваць ужо ў гатовым выглядзе.

Таксама Мінпрацы падрыхтавала праект указа, накіраваны на барацьбу з утрыманцамі. Адрасная сацыяльная дапамога зараз будзе выдавацца толькі адзін раз. «Калі чалавек звяртаецца па адрасную сацыяльную дапамогу, яму будзе выдавацца рэкамендацыя, што ён павінен на працягу пэўнага тэрміну працаўладкавацца. Тэрмін аказання гэтай дапамогі таксама ўстанаўліваецца. Калі чалавек паўторна прыйдзе па сацыяльную дапамогу, то рашэнне будзе прымацца з улікам таго, ці рабіў ён крокі, каб самастойна вырашаць свае праблемы. Калі не, то дзяржава яму дапамогу аказваць не будзе», — растлумачыў сутнасць дакумента намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Во файная ідэя! Рэкамендацыя будзе выдавацца чалавеку не для таго, каб працадаўца ўзяў яго на працу, а для таго, каб сам беспрацоўны пачаў шукаць працу. Ды яшчэ і абмежавалі пошукі працы нейкім тэрмінам. А калі не знайшоў — давай, да пабачэння!

Нікога не хвалюе, што падчас мінулай працы гэты чалавек спраўна плаціў падаткі? У тым ліку ў фонд занятасці? І што з гэтых ягоных «накопленых» падаткаў яму ж павінна выплачвацца дапамога па беспрацоўі? Калі фонд занятасці не адыгрывае ролю такога «страхоўшчыка ад беспрацоўя», то навошта ўвогуле туды плаціць?

Дзяржаваўзмацняе кантроль і над інтэрнэтам. Працэнт дзяржавы ў СТАА «Дзелавая сетка», які знаходзіцца ў распараджэнні Белтэлекама, будзе бязвыплатна перададзены РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам». «Перадаць бязвыплатна долю, якая знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і гаспадарчым вядзенні рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» у статутным фондзе беларуска-ангельскага сумеснага прадпрыемства грамадства з абмежаванай адказнасцю «Дзелавая сетка» ў памеры 40%, што адпавядае ўнёску ў статутны фонд у памеры 40 000 долараў ЗША, у гаспадарчае вядзенне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам», — гаворыцца ў пастанове Саўміна № 506 ад 20 чэрвеня 2013 года.

Нагадаем, што РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» было створана пад Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку і ў цяперашні час праз гэтае прадпрыемства праходзіць увесь інтэрнэт-трафік Беларусі, як унутраны, так і знешні. То бок, ААЦ узмацніла свае пазіцыі ў кантролі за інтэрнэтам.

У сувязі з гэтым цікавая «драма Сноўдэна»: супрацоўнік ЦРУ распавёў пра шпіёнства за грамадзянамі праз інтэрнэт у ЗША, і зараз апынуўся ў ролі героя фільму «Тэрмінал», асеўшы ў транзітнай зоне аэрапорта «Шарамецьева». Набыць новы квіток ён не можа, бо ягоны пашпарт ануляваны, і выйсці з транзітнай зоны таксама — без пашпарту ў Расію не пускаюць.

Хадзілі чуткі, што ён можа быць эвакуяваны адтуль у Беларусь. Але ці пагодзіцца ён працаваць у ААЦ, якое займаецца тым жа, чым і ЦРУ? Калі пагодзіцца, то адзінае выйсце для яго — сесці ў самалёт прэзідэнта Беларусі і прыляцець у Мінск. Гэта ён зрабіць здолее і без пашпарту.