Тры прычыны, чаму Беларусі патрэбны закон аб персанальных дадзеных

Некалькі тыдняў таму краіны Еўразвязу прынялі закон аб абароне прыватных дадзеных — усе буйнейшыя сайты, улічваючы Facebook, Youtube, ІInstagram і інш., вымушаныя былі змяніць палітыку прыватнасці. Навошта і ці трэба гэта Беларусі?

gdpr_hotels_guide_1.jpg



Першая прычына — неабароненасць карыстачоў


Калі чалавек хоць раз выкарыстоўваў таксі па тэлефоне, заказваў ежу на дом, карыстаўся картамі зніжак у магазінах, ён даваў кампаніям нямала рознай інфармацыіі пра сябе. Узамен за паслугі мы пакідаем нумар тэлефону, адрас пражывання, імя, прозвішча. Банкі маюць нашмат боль інфармацыі. У Інтэрнэце кожны з карыстачоў штодзень пакідае "сляды", як мінімум ІР-адрас. Нашыя смартфоны ведаюць аб нас практычна ўсе — ад месцазнаходжання і гісторыі пошуку ў да пульсу і рэжыму актыўнасці.
— Кампаніі выкарыстоўваюць велізарную колькасць інфармацыі, ажно да сітуацыі, калі вядомы аквапарк траслюе сваіх наведвальнікаў анлайн. І кліенты не маюць магчымасці абараніцца, акрамя як перастаць карыстацца ягонымі паслугамі, — прыводзіць прыклад спецыяліст у галіне абароны персанальных дадзеных, юрыст, дырэктар кампаніі "Дата прайвасі офіс" Сяргей Варанкевіч.
Карыстальнік не ведае, для якіх мэт гэтая інфармацыя апрацоўваецца, што з ягонымі дадзенымі адбываецца і ці не выкарыстоўваюцца яны яму на шкоду.
Сёння беларусы ніяк не абароненыя ад пазамэтавага і нават нядобрасумленнага выкарыстання айчннымі кампаніямі прыватнай інфармацыі. Хаця могуць абараняць свае правы ў выпадках, калі дадзеныя апрацоўваюць еўрапейскія і амерыканскія кампаніі.
— Напрыклад, калі карыстач абазначаны, як суб'ект, які знаходзіцца ў Еўразвязе. то колькасць таго ж спаму, які да яго прыходзіць на пошту, рэзка змяншаецца, — прыводзіць прыклад спецыяліст.
Па прагнозах Сяргея Варанкевіча, з боку насельніцтва будзе расці попыт на заканадаўчае рэгуляванне збору і выкарыстання персанальных дадзеных.


Другая прычына — адказнасць і абмежаванні для бізнесу


У маі гэтага года ўступіў у сілу Агульны рэгламент абароны персанальных дадзеных ЕЗ (GDPR). Зараз, каб працаваць з еўрапейскімі кліентамі, беларускім кампаніям трэба будзе прывесці правілы апрацоўкі персанальных дадзеных спажыўцоў у адпаведнасць з рэгламентам. Без гэтага еўрапейскія партнёры будуць адмаўляцца з імі супрацоўнічаць.
Пад дзеянне рэгламенту трапляюць IT-сектар, асабліва той, які працуе з ЕЗ і ЗША, банкі, нават беларускія, таму што плацежныя карткі дзейнічаюць за мяжой, медыцынскія цэнтры, транспартныя кампаніі.
Заходні заказчык абавязаны пацвердзіць, што ўсе апрацоўшчыкі дадзеных, з якімі ён працуе, адпавядаюць GDPR. І ён будзе адмаўляцца ад рызыкаў, каб не быць аштарфаваным. Наступствы для бізнесу могуць быць сур'ёзнымі. Як правіл, дробныя кампаніі не здольныя хутка перабудавацца і падрыхтаваць увесь аб'ем пацверджанняў — расказаў Сяргей Варанкевіч.
Еўрапейскае заканадаўства прынятае не для таго, каб ускладняць працу бізнесу: новая рэчаіснасць шчыльна звязаная з інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі і смартфонамі.

Чытайце таксама: Контрблок. Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра інтэрнэт-цэнзуру.


Трэцяя прычына — агульныя правілы для глабальнага рынку


Беларусь — адзіная краіна на кантыненце, якая не мае закона аб персанальных дадзеных. Гэта стварае рэальныя праблемы для бізнесу і дзяржаўных органаў, адзначае эксперт.
— Калі краіна хоча атрымаць шанец на тое, каб дадзеныя з Еўразвязу бесперашкодная траплялі ў стартапы, кампаніі. што працуюць у Беларусі. каб перад айчыннымі кампаніямі не стаяла неабходнасць выводзіць бізнес за мяжу, таму што тут яны не могуць паўнавартасна працаваць, неабходна прыводзіць беларускае заканадаўства ў апавяданне з агульнаеўрапейскім, — лічыць юрыст. Па яго меркаванні, для гэтага варта не толькі прыняць адпаведны закон, але і стварыць незалежны назіральны орган, куды суб'екты дадзеных маглі б звярнуцца ў выпадку парушэння іх правоў.
Паводле Заўтра тваей краіны