Традыцыйнае памінанне ў Курапатах
Вечарам 29 лістапада ва ўрочышчы Курапаты адбылося штомесячнае памінанне ахвяраў сталінізму, у якім пад бел-чырвона-белымі сцягамі прынялі ўдзел 4 дэмакратычных актывісты.
Лістападаўскія Курапаты
Яны запалілі знічкі, правялі малебен, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна закатаваных ахвяраў сталінізму, праспявалі песні беларускага нацыянальнага Адраджэння.
Як зазначыла сябра КХП-БНФ, нязменны сцяганосец ушанаванняў Ніна Багінская, “з сябрамі кожны месяц прыходжу ў Курапаты, таму што ўлада не жадае памятаць сваіх рэпрэсаваных суайчыннікаў”. “І мы будзем прыходзіць да таго часу, пакуль ўлада не прызнае сталінскі генацыд, што адбываўся на беларускай зямлі. І колькі б нас ні было ў Курапатах, мы будзем шанаваць сваіх продкаў і незалежнасць Бацькаўшчыны. Бо ў Курапатах загінулі людзі, якія імкнуліся набыць незалежнасць Беларусі ад Маскоўскай імперскай дзяржавы”, — заявіла Ніна Багінская.
Затым яна прачытала верш выбітнага беларускага паэта, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна “Малітва“:
“Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут...
Божа,
Нe дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсе наўкол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
I цяплом!”
Грамадская актывістка Алена Засценчык — выкладчыца фізікі. І хоць сама па нацыянальнасці руская, аднак свядома па-беларуску размаўляе са сваімі вучнямі і выступае супраць палітыкі кіраўніцтва Расіі, якое імкнецца аднавіць Расійскую імперыю ў яе былых межах. Вось чаму спадарыня Алена часцяком наведвае Курапаты, каб разам з іншымі грамадзянамі Беларусі розных нацыянальнасцяў засведчыць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Удзельнікі ўшанавання
Дарэчы, 10 гадоў таму у Курапатах быў усталявана так званы “Габрэйскі камень” — першы экуменічны памятны знак на Беларусі. На гэтым знаку, што зроблены ў адпаведнасці з габрэйскімі традыцыямі і глядзіць на Ерусалім, высечаны тэкст па-беларуску і на іўрыце наступнага зместу: ”Нашым адзінаверцам – іўдзеям, братам на Кнізе – хрысціянам і мусульманам – ахвярам сталінізму ад беларускіх габрэяў”.
“Габрэйскі камень” ва ўрочышчы
Апроч гэтага, на камяні — выявы габрэйскім сімвалаў — магендовіда і меноры, якія цягам 4 000 гадоў пакутаў і змагання вядуць габрэйскі народ да мары пра справядлівае жыццё паміж людзьмі і этнасамі. Цікава, што мемарыяльны знак зроблены з паліраванага граніту — часткі пастаменту помніка Іосіфу Сталіну, які цягам васьмі гадоў узвышаўся на Цэнтральнай (зараз — Кастрычніцкай) плошчы Мінска да 3 лістапада 1961 года, пакуль не быў поўнасцю дэмантаваны за адну ноч.
За ўдзельнікамі ўшанавання ў Курапатах наглядалі пяць міліцыянтаў.
Чарговае памінанне адбудзецца ва ўрочышчы 29 снежня а 18.00.
Фота аўтара