Тамара Сяргей: суды выносяць злачынныя пастановы

17 сакавіка 2016 года калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда на чале з Вольгай Рамашэўскай прызнала законнай адмову ўладаў на пікет у цэнтры Мінска.



zhanchini_sjargej_gp_8_7_14_logo.jpg

Нагадаем, што ў кастрычніку мінулага году 12 пенсіянераў з Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры абскардзілі ў суд Маскоўскага раёну Мінска адмову намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі на правядзенне 24 верасня пікетавання на пляцы Волі.

Акцыя павінна была прыцягнуць увагу да праблемы адпісак на звароты грамадзянаў у суды і пракуратуру, а таксама на бяздзейнасць кіраўніка дзяржавы па абароне канстытуцыйных правоў. У пікетаванні мелі намер удзельнічаць да 20 чалавек з лозунгамі: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак” і “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”.

Сваё адмоўнае рашэнне Ігар Карпенка матываваў тым, што ў час і на месцы, запланаваным 24 верасня пенсіянерамі для пікетавання, будуць праводзіцца масавыя перадвыбарчыя агітацыйныя мерапрыемствы кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне звярнулі ўвагу суду на тое, што кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь атрымалі гэты статус толькі 10 верасня. Прычым гэты факт з'яўляецца агульнавядомым, паколькі менавіта 10 верасня сродкі масавай інфармацыі вялі прамую трансляцыю ўрачыстага абвяшчэння імёнаў кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і ўручэння ім адпаведных пасведчанняў. Аднак пенсіянеры падалі сваю заяву на пікетаванне 9 верасня. Такім чынам, матывацыя адмовы грамадзянам у пікетаванні з’яўляецца не толькі незаконнай і неабгрунтаванай, але і абсурднай, падкрэслівалася ў скарзе.

Паколькі суддзя суда Маскоўскага раёна Алена Рудніцкая сваёй пастановай ад 8 снежня 2015 года падтрымала пазіцыю ўладаў, грамадзяне абскардзілі судовае рашэнне ў Мінгарсудзе, які 17 сакавіка надаў законную сілу пастанове Алены Рудніцкай.

Як зазначыла юрыстка Тамара Сяргей, для абгрунтавання пазіцыі гарадскіх уладаў начальнік аддзелу грамадска-масавай працы Мінгарвыканкаму Юры Уральскі падаў у суд не арыгінал заявы грамадзянаў на пікетаванне, а ксеракопію, на якой дата падачы заявы пазначана 15 верасня. “Аднак мы падавалі заяву 9 верасня. І гэтай датай, згодна з заканадаўствам, заява і павінна быць пазначаная і зарэгістраваная. А ў суд, згодна з заканадаўствам, чыноўнік абавязаны быў падаваць толькі арыгінал нашай заявы”, — падкрэсліла юрыстка.

Такім чынам, на яе меркаванне, рашэнні судоў, прынятыя насуперак закону, можна лічыць не толькі незаконнымі, але і злачыннымі.Паводле яе словаў, такога кшталту рашэнні прыносяць шкоду не толькі грамадзянам, але і дзяржаве, разбураючы аснову правасуддзя.