Што перашкаджае «працаваць» беларускай дыктатуры?
Сяргей Нікалюк на «Свабодных навінах» разважае пра тое, як уладная вертыкаль вылазіць бокам лукашэнкаўскаму рэжыму.
У палітычных рэжымах, якія абапіраюцца на «чалавека іерархічнага», варта толькі Акелу прамахнуцца, як масавай свядомасцю ён пачынае ўспрымацца ў якасці вінаватага ва ўсіх бедах.
«Ён мог гаварыць без дзейніка і выказніка, але ніколі не сказаў ні слова без думкі і пачуцця!» Гэта Віктар Шэндэровіч пра свайго цёзку Віктара Чарнамырдзіна.
ЧВС няма роўных сярод палітыкаў па ўнёску ў філалогію. «Хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды». «Шмат грошай у народа ў панчохах або шкарпэтках. Я не ведаю, дзе — залежыць ад колькасці».
Цытаваць не перацытаваць... Інтэрнэт засумаваць не дасць. На кожны выпадак без праблем адшукаецца свой афарызм. Маецца прыдатны і для размовы пра прыроду нічым не абмежаванай улады першай асобы дзяржавы, неабмежаванай ужо таму, што Канстытуцыя надзяліла яе правам выдаваць указы і распараджэнні, «якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» (Артыкул 85).
Уладная вертыкаль — наша галоўнае дасягненне. У 1996 годзе яна выканала ролю архімедавага рычага, які дазволіў развярнуць палітычны курс на 180°. І сёння, падводзячы вынікі развароту, дарэчна ўспомніць класіка: «Наогул жа поспехаў няшмат. Але галоўнае: ёсць урад», г. зн. улада. А там, дзе ёсць улада, астатняе адыходзіць на другі план, бо астатняе ёсць вытворнае ад улады.
Усё добра, пакуль усё добра
Мяркую, з праблемай курыцы і яйка знаёмы кожны. У нашым выпадку гэта праблема вертыкалі ўлады і іерархічна, то-бок вертыкальна выбудаванага грамадства. Хто каго спарадзіў? Дзе тут прычына, а дзе следства?
Прасцей за ўсё прызнаць прыярытэт улады, прасцей ужо ў сілу таго, што яна навідавоку. Аднак і згублены ноччу кашалёк прасцей шукаць пад ліхтаром. Але якая верагоднасць там яго адшукаць?
Паспрабуем калі і не вырашыць, то, прынамсі, усвядоміць глыбіню праблемы з дапамогай бытавога назірання расійскага палітолага і журналіста Сяргея Мядзведзева:
«Тут (у Еўропе. — Заўв. рэд.) за стырном, напрыклад, ты не павінен быць у стойцы баксёра. У Маскве за стырном ты пастаянна знаходзішся ў дарвінаўскай барацьбе за выжыванне. Кожную секунду высвятляецца, хто на што мае права, хто мае права перабудавацца, хто мае права паскорыцца, хто мае права пагудзець і г. д. Таму ўсе аварыі, усе коркі на маскоўскіх дарогах — усё таму, што людзі мераюцца статусамі, таму што Расія — гэта культура іерархіі, падпарадкавання, правоў сілы».
Перад намі прыклад соцыума, аснову якога складае «чалавек іерархічны», то-бок чалавек, выразна ўсведамляе, «што не толькі эканамічныя і сацыяльныя выгоды, але і правы, унутраная годнасць, павага, "гонар" размяркоўваюцца ў адпаведнасці з сацыяльным статусам і становішчам у структурах улады» (Юрый Лявада, сацыёлаг).
Ва ўяўленні чалавека такога сацыякультурнага тыпу грамадства жорстка падзелена на «верх» і «ніз». Таму тыя, хто наверсе, не ўспрымаюцца як «мы», а выключна як «яны». У гэтым сіла і адначасова слабасць палітычных рэжымаў, якія абапіраюцца на «чалавека іерархічнага». Усё добра, пакуль усё добра, але варта толькі Акелу прамахнуцца, як масавай свядомасцю ён пачынае ўспрымацца ў якасці вінаватага ўсіх бед. Сумны фінал палітычных кар'ер Міхаіла Гарбачова і Барыса Ельцына — таму пацвярджэнне.
Праблема супрацоўніцтва — цэнтральная для любога вялікага калектыву. Ёсць два шляхі яе вырашэння: з дапамогай іерархіі (жорсткі падыход) і з дапамогай універсальных правілаў (мяккі падыход).
На працягу тысячагоддзяў жорсткі падыход пераважаў, што, у прыватнасці, выяўлялася ў блізкіх да нуля тэмпах росту сусветнай эканомікі. Годам нараджэння сучаснага эканамічнага росту, згодна са статыстыкам Ангусам Мэдысанам, варта лічыць 1800 г. Але для гэтага ў Еўропе прыйшлося зламаць саслоўныя перагародкі.
Чаму не носіш?
9 жніўня ў Мінску адбыўся маштабны форум патрыятычных сіл. У ім прынялі ўдзел беларускія грамадскія аб'яднанні, партыі і патрыёты нашай краіны. Такая афіцыйная інфармацыя.
На форум мяне, натуральна, ніхто не запрашаў, таму мае ўражанні ад такога маштабнага мерапрыемства цалкам сфармаваныя дзяржаўнымі СМІ. Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай з выніковай дэкларацыі: «Падзеі апошніх гадоў з усёй відавочнасцю пацвердзілі эфектыўнасць беларускай мадэлі палітычнага развіцця, асновай якой з'яўляецца моцная дзяржава — прэзідэнцкая рэспубліка — на чале з мудрым дзяржаўным дзеячам, гарантам суверэнітэту, правоў і свабод кожнага грамадзяніна».
Прывітанне ад ЧВС: «Наогул жа поспехаў няшмат. Але галоўнае: ёсць моцная дзяржава на чале з...»
Адшукаў у Вікіпедыі мудрагелістае слова «квінтэсенцыя» (самае галоўнае, самае важнае, найбольш істотнае). Цытата з дэкларацыі — квінтэсенцыя выступаў патрыётаў-дзяржаўнікаў на форуме. Па-за жорсткай іерархіяй, якая выконвае ролю знешняй скрэпы, супрацоўнічаць яны не ў стане. Без яе, як без вады, і ні туды, і ні сюды. Фарміраванне ж унутраных скрэпаў у выглядзе агульных каштоўнасцей у соцыуме, у якім «чалавек савецкі» складае большасць, максімальна абцяжараная.
За адсутнасцю гербавай паперы пішуць на простай, за адсутнасцю ўнутраных скрэпаў іх замяняюць знешнімі. Пры гэтым даводзіцца ахвяраваць развіццём.
Свежы прыклад, падслуханы 16 жніўня:
«Патрэбная дыктатура. А ў нас яна ёсць — давайце ўключаць яе, давайце адміністрацыйны рэсурс уключаць і прымушаць рабіць так, як трэба. Пара пачынаць па-сапраўднаму працаваць».
Цікава атрымліваецца: дыктатура ў Беларусі маецца, вось толькі ўключыць яе так і не знайшлі час. У гэтай сувязі ўспамінаецца стары анекдот пра грузіна і папулярную эстрадную спявачку:
— Паслухай, дарагая, у цябе азадак ёсць?
— Ёсць.
— А грудзі ёсць?
— Ёсць.
— Чаму не носіш?
«Пара пачынаць па-сапраўднаму працаваць». Даўно пара. Хто б спрачаўся. Чаму ж не працуем, што ці хто перашкаджае?
Мой варыянт адказу на гэтае сакраментальнае пытанне: перашкаджае вертыкаль улады. У палітычнай сістэме, у якой указы і распараджэнні аднаго чалавека маюць абавязковую сілу для 9,3 млн. чалавек, эфектыўнай эканомікі не пабудаваць. І калі ў краіне яшчэ нешта вырабляецца, то не дзякуючы указам і распараджэнням, а насуперак ім.