Што эксперты чакаюць ад 2020 года для Беларусі
«Дарожныя карты» з Расіяй будуць узгадняцца ўвесь першы квартал, а сілавікі могуць узмацніць рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў апазіцыі.
Праект «Беларусь у фокусе» (Belarus in focus) прадставіў «Вынікі 2019 года і прагнозы на 2020 год». Thinktanks.by публікуе погляд экспертаў праекта не на тое, што ўжо адбылося, а на тое, што можа адбыцца ў новым 2020-м.
Кіруючы клас
Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні і далей будуць праводзіцца дазавана, з пашырэннем магчымасцяў для буйнога і лаяльнага уладам бізнесу. Падтрымка дзяржсектара будзе скарачацца з-за адсутнасці рэсурсаў. У год прэзідэнцкіх выбараў сілавікі могуць узмацніць рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў апазіцыі.
Як адзначаюць эксперты, эканамічныя ўлады Беларусі не могуць дамагчыся эфектыўнасці дзяржсектара ці зніжэння цяжару дзяржсектара на дзяржфінансы. Аднак лабіяванне паляпшэння нарматыўных умоваў для дзейнасці бізнесу часткова атрымоўваецца. Зрэшты, гэтыя намаганні дэзавуюе самаўпраўства вертыкалі на месцах, а таксама карная палітыка сілавікоў і падаткавікоў ў дачыненні да бізнэсу. Пры гэтым расце маёмаснае расслаенне — як па вертыкалі (розніца паміж найбольш і найменш забяспечанымі), так і па гарызанталі (розніца ва ўмовах жыцця ў розных рэгіёнах краіны, уключаючы медыцынскую дапамогу).
Бяспека
Прыярытэтам застануцца ўнутраныя выклікі бяспекі. Знешняя актыўнасць і далей будзе дыктавацца неабходнасцю нарошчвання якасці палітычнага ўзаемадзеяння з замежнымі дзяржавамі, а таксама пашырэннем рынкаў збыту для нацыянальнага ВПК.
Эксперты звяртаюць увагу, што на міжнароднай арэне Мінск імкнецца замацаваць за сабой статус прадказальнага і беспраблемнага партнёра ў пытаннях бяспекі і для Расіі, і для Захаду, не беручы пры гэтым дадатковых абавязацельстваў ні перад першай, ні перад другім, а таксама не ўцягваючыся ў іх супярэчнасці .
Партыі і грамадзянская супольнасць
Усе тры ўмоўных цэнтра палітарганізацый, якія спрабуюць выказаць інтарэсы розных давернікаў, паспрабуюць вылучыць сваіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Уплыў альтэрнатыўных медыяканалаў камунікацыі будзе расці. Уплыў грамадзянскай супольнасці і экспертнай супольнасці на агульнапалітычную позву захаваецца на дасягнутым і высокім для аўтарытарнага рэжыму узроўні.
У дакуменце падкрэсліваецца, што ў рамках спробаў весці дыялог з уладамі ўдалося дасягнуць пэўных поспехаў у лабіяванні змяненняў у эканамічнай сферы (KEF, адмена ўказу аб ілжэпрадпрымальніцтве) і знешняй палітыцы («Мінскі дыялог»). У выніку супрацоўніцтва ўрада і экспертаў KEF склаўся кансенсус аб неабходнасці рэформаў, які падтрымліваецца большасцю насельніцтва краіны.
Беларусь-Захад
У 2020 годзе Беларусь і ЕС заключаць візавае пагадненне. Будзе часткова адноўлена работа пасольства ЗША. Прагрэс на заходнім напрамку працягнецца — у тым выпадку, калі беларускія ўлады не распачнуць дзеянняў, якія будзе немагчыма апраўдаць перад выбаршчыкамі ЕС і ЗША.
Кажучы пра ўжо дасягнуты прагрэс па лініі Беларусь-ЕС, палітолагі канстатуюць, што, нягледзячы на значную дынаміку нармалізацыі палітычных адносін, Мінск не змог адпаведна нарасціць эканамічны складнік ўзаемадзеяння з Захадам. Так, з цяжкасцю працягваюцца перамовы з ЕС аб доступе беларускіх прадуктаў харчавання на еўрапейскі рынак і іх транзіт праз тэрыторыю ЕС. Прыярытэты партнёрства з Бруселем так і не былі падпісаныя. Хоць і ў «замарожаным» выглядзе, захоўваюцца санкцыі ЗША супраць беларускіх прадпрыемстваў. Інвестыцыі і фінансавая дапамога з боку заходніх краін застаецца на вельмі сціплым узроўні.
Беларусь-Расія
Кантракт па газе будзе працягнуты на 2020 год. «Дарожныя карты» будуць узгадняцца ўвесь першы квартал і змогуць быць падпісаны толькі калі з іх знікне якая б ні была абавязваючая беларускі бок канкрэтыка. Магчыма, з-за немагчымасці ўзгадніць масіў дакументаў па інтэграцыі бакі вернуцца да прапанаванага Мядзведзевым у канцы 2018 года «кансерватыўным» варыянце — т.б. да працягу натуральнага адасаблення дзвюх дзяржаў.
Эксперты прымецілі, што працэс «паглыбленай інтэграцыі», якім ўрадавыя каманды Беларусі і Расіі займаліся ўвесь мінулы год, не толькі не дапамог вырашыць супярэчнасці, але нават прыслабіў перамоўную пазіцыю Беларусі. Яна згубіла момант падпісання дамовы па пастаўках газу з 2020 года паміж Газпромам і Украінай, а таксама фронду расійскіх нафтакампаній супраць урада з-за падатковага манеўру. У дадатак да гэтага Беларусь атрымала шкоду з-за забруджвання нафты ў нафтаправодзе «Дружбе» і не здолела яго спагнаць.