Суд над маладафронтаўцамі: па 40 базавых велічынь за ўскладанне кветак

Сёння, 4 кастрычніка, у судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд справы ў дачыненні да актывістаў «Маладога фронта» Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава.

sud_malady_front_.jpg


Хлопцаў абвінавачвалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) за роварны прабег.

Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.

Падчас працэсу абвінавачаныя заявілі хадайніцтва аб адводзе суду, але суддзя яго адхіліла.

Адзін з супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным праводзіў відэаздымку падчас працэсу.

Першым у судзе выступаў Дзяніс Урбановіч. Ён запытваўся, навошта браць дазвол, каб ускласці кветкі ў скверы? Выказаў думку, што гэта не было масавым мерапрыемствам, а тое, што быў складзены пратакол, — рэпрэсіі супраць актывістаў.

“Калі я паеду ўскласці кветкі да памятніка перамогі ці на могілкі да родных — гэта таксама будзе пікетаванне?” — запытаўся Урбановіч у суддзі.

Віталь Трыгубаў дапоўніў выступ свайго паплечніка тым, што пратакол быў складзены незаконна. У іх дзеяннях не было складу правапарушэння, бо яны проста паехалі па горадзе, вырашылі ўшанаваць памяць вялікага паэта і ўсклалі кветкі. Заканадаўства, па меркаванні актывіста, такія дзеянні не парушаюць.

У судзе выступіў таксама сведка-міліцыянт Сяргей Астаф’еў. Ён заявіў, што была знойдзена інфармацыя пра планаванне правядзення несанкцыянавай акцыі праз тэлеграм-канал. Аднак у суда такой інфармацыі няма, і суддзя яе нават не запатрабавала.

Пасля выступу сведкі суд перайшоў да азнаямлення з матэрыяламі справы, пры гэтым Вікторыя Шабуня не дала магчымасці абвінавачаным далучыць да матэрыялаў фотаздымкі з месцаў падзей.

Пасля невялікага перапынку суд вынес рашэнне пакараць Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава штрафам у памеры 40 базавых велічынь кожнаму.



Нагадаем, 25 жніўня, у дзень падпісання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, актывісты “Маладога фронту” Віталь Трыгубаў, Дзяніс Урбановіч і Максім Урбановіч зрабілі роварны прабег з прыпынкам у скверы Янкі Купалы, дзе ўшанавалі памяць паэта. Затым яны паехалі ў Курапаты на варту каля рэстарацыі “Паедзем, паядзім”.

Пазней яны атрымалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле 23.34 КаАП.

spring96.org