«Стас зрывае турэмную робу, а яе прымусова апранаюць на яго»
Станіслаў Косцеў адмаўляецца апранаць на сябе спецыяльную турэмную робу, на якой напісана «ИМН» — выключная мера пакарання. У Беларусі гэтую робу выдаюць прысуджаным да смяротнага пакарання яшчэ да таго, як прысуд уступіць у законную сілу.
Як паведаміла праваабаронцам "Вясны" сястра асуджаных да смяротнага пакарання 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых, адвакат Станіслава пасля сустрэчы з падабаронным распавяла пра ціск на яго. Браты Косцевы знаходзяцца цяпер у магілёўскай турме №4.
Паводле інфармацыі адваката, Станіслаў адмаўляецца апранаць на сябе спецыяльную турэмную робу, на якой напісана «ИМН» — выключная мера пакарання.
На практыцы ў Беларусі гэтую робу выдаюць прысуджаным да смяротнага пакарання яшчэ да таго, як прысуд уступіць у законную сілу.
«Стас зрывае турэмную робу, а яе прымусова апранаюць на яго. У яго рэальны стрэс з-за гэтага», — распавядае яго сястра Ганна.
Таксама начальнік магілёўскай турмы адмаўляецца прымаць заяву ў 19-гадовага Станіслава Косцева на спатканне са святаром.
«Не паложана — і ўсё тут», — па словах Ганны, так тлумачыць адмову начальнік турмы №4.
Акрамя таго, Станіслава цяпер утрымліваюць ў карцэры, месцы, дзе звычайна ўтрымліваюць асуджаных, якія ўчынілі дысцыплінарнае спагнанне.
Адвакат рыхтуе скаргу начальніку турмы і ў Дэпартамент выканання пакаранняў.
На думку каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэя Палуды, такія паводзіны адміністрацыі магілёўскай турмы ў пэўнай ступені можна расцэньваць як ціск на асуджаных.
Нагадаем, 10 студзеня на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве былі вынесеныя адразу два смяротных прысуды ў дачыненні да двух братоў 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседстве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, вынес суддзя Міхаіл Мельнікаў.