«Сорамна, што ў прафесіі ёсць такія людзі». Міліцыянт пра дзеянні сваіх калегаў
Міліцыянт з Бранавічаў распавёў, што глядзеў на тое, як праходзяць выбары, бачыў настроі людзей — і разумеў, што перамога Лукашэнкі ў такой сітуацыі немагчымая. А калі абвясцілі высокія лічбы за Лукашэнку, ён зразумеў, што гэтым разам людзі гэта проста так не праглынуць.
Адзін з супрацоўнікаў міліцыі на ўмовах ананімнасці распавёў Intex-press пра тое, як праходзіла падрыхтоўка да разгонаў масавых пратэстаў, якой на самай справе была ўстаноўка, пра тое, што цяпер адбываецца ў калектыве і чаму ён рашыўся на гэту размова.
Мужчына адзначае, што вырашыў даць інтэрв'ю, бо хоча, каб людзі не раўнялі ўсіх міліцыянтаў пад адзін грабянец: «у любой структуры ёсць як адэкватныя, так і неадэкватныя людзі».
«Рабілі ўсё, каб мы ведалі, што нас чакае»
У апошні месяц перад выбарамі раз на тыдзень у нас былі трэніроўкі. Мы ў экіпіроўцы выязджалі ў поле, і там нам праводзілі майстар-клас або прадстаўнікі брэсцкага АМАПу, або ўнутраных войскаў.
Гэта было незвычайным для нас. Заняткі былі набліжаныя да баявых. А можа, нават і горш. Вакол нас падпальвалі пакрышкі, кідалі светлашумавыя гранаты, нас труцілі газам. Карацей кажучы, рабілі ўсё, каб мы ведалі, што нас чакае на вуліцах горада.
А яшчэ вялася моцная прапагандысцкая праца. Я думаю, толькі чалавек з моцнай псіхікай на яе не павёўся.
«Пасля паведамленняў пра Пінск чакалі ўсяго»
Усё пачалося з абвяшчэння вынікаў галасавання.
Многія афіцэры, якія дзяжурылі на ўчастках, распавядалі пра датэрміновае галасаванне, куды зганялі бюджэтнікаў і вайскоўцаў. Я назіраў за ўсім гэтым і за настроем людзей — і разумеў, што перамога Лукашэнкі ў такой сітуацыі немагчымая. Але калі я ўбачыў высокія лічбы за Лукашэнку, зразумеў, што гэтым разам людзі іх проста так не «праглынуць», і што ў таго, што здарылася будуць наступствы. Уласна, усе іх і бачылі пасля выбараў.
Калі ўвечары 9 жніўня многія рэгіёны пачалі выходзіць на вуліцы, нам паведамілі, што ў Пінску гараджане напалі на РАУС і адтуль шпіталізавалі сем міліцыянтаў.
Таму мы ўжо чакалі ад грамадскасці ўсяго. Мы думалі: калі ў Пінску робіцца такое, то ў Баранавічах будзе яшчэ горш.
«Выклікалі нават тых, у каго быў адпачынак»
Увечары 9 жніўня ўсіх нас, хто працаваў у гэты дзень, пакінулі ў аддзеле. Выклікалі нават тых, у каго быў выхадны і адпачынак. Нікога не выпускалі. Мы сядзелі ў актавай зале і чакалі загаду кіраўніцтва.
Праз нейкі час нас адправілі на ахову грамадскага парадку ў горад і пералічылі людзей, якія туды пойдуць. Хтосьці пайшоў на плошчу, хтосьці — у рэзерв, а хтосьці сядзеў у аддзеле ў поўным абмундзіраванні і чакаў падмогу з іншых райцэнтраў, таму што ў нас не хапала сіл на выпадак сутыкнення з натоўпам.
Праца ў рэзерве заключалася ў тым, каб знаёміць і папярэджваць пра правапарушэнні людзей, якіх прывядуць з плошчы, а затым адпускаць іх. Гэта значыць, першапачаткова гаворка пра пратаколы за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы не ішла.
«Думалі, што проста пастаім, людзі пакрычаць і разыдуцца»
На самой плошчы са шчытамі былі як нашы хлопцы, так і іншагароднія, а таксама салдаты тэрміновай службы з Баранавічаў, Івацэвічаў, Брэста.
Мы стаялі на плошчы і моўчкі назіралі за людзьмі. Усе мы выдатна разумелі, што ў натоўпе былі людзі, якія наўмысна правакавалі нас на прымяненне фізічнай сілы, але там таксама былі мірныя гараджане, якія выйшлі выказаць сваё меркаванне.
Ніхто з тых праваахоўнікаў, якія выходзілі на плошчу, не думаў, што будуць затрыманні. Мы думалі, што проста пастаім, людзі пакрычаць — і разыдуцца. Але калі ў нас паляцела брукоўка, мы зразумелі, што ніякай размовы з людзьмі не атрымаецца.
Асабіста я не хацеў нікуды бегчы і нікога затрымліваць. Ды і ніхто з тых хлопцаў, якія стаялі са мной, не хацеў гэтага рабіць. Бо ў многіх на тым баку стаялі знаёмыя, сябры, родныя.
Да збіцця людзей мы ўсе ставіліся і ставімся негатыўна. Збіццё — гэта службовыя злачынствы, за якія вінаватыя павінны несці адпаведнае пакаранне.
«Здавалася, што ўсё, што адбываецца – сон»
Я не ведаю, хто аддаў загад хапаць людзей. Прынамсі, я яго не чуў.
Калі мы пачалі выцясняць натоўп, у нейкі момант вайскоўцы пабеглі і пачалі затрымліваць пратэстоўцаў.
Многія з нас разгубіліся. Мы былі ў шоку. Я глядзеў на сваіх таварышаў і бачыў на іх тварах здзіўленне. Мне здавалася, што ўсё, што адбываецца, — сон, што ў нас у краіне такога быць не можа. Вось, як звычайна, ты глядзіш тэлевізар і думаеш: «Ды не, у нас такога не адбудзецца». А калі ты бачыш гэта на ўласныя вочы, калі гэта адбываецца побач з табой — то сітуацыя ўспрымаецца па-іншаму.
Мы таксама пачалі затрымліваць. Былі сярод міліцыянтаў тыя, хто падбягаў да гараджан і крычаў, каб яны ўцякалі. Былі і тыя, хто не прывёў ніводнага затрыманага.
Многія з нас перажывалі наконт затрыманняў. Я не хачу выгароджваць супрацоўнікаў унутраных спраў, але некаторыя з тых, што стаяў тым натоўпе, павінны былі быць затрыманыя толькі за тое, што правакавалі на бойку мірны народ. Таму што мы бачылі там гараджан, у якіх не было жадання нападаць на міліцыю, яны былі бяззбройныя і выйшлі на плошчу выказаць свой пункт гледжання. Але і правакатараў распазнаць было нескладана.
«На працы гэтую тэму не ўздымаем»
Пасля 9 жніўня многія задумаліся наконт звальнення, таму што разумеюць: усё, што яны робяць, няправільна. Але, з іншага боку, яны хочуць застацца на службе, таму што сама прафесія ім падабаецца — яны выбралі яе свядома.
Пасля ўсіх гэтых пратэстаў міліцыянты разбіліся на два лагеры: тыя, хто мяркуе, што так паступаць няправільна, і тыя, хто ўпэўнены, што ўсё правільна. Таму на працы мы стараемся гэтую тэму не ўздымаць, каб не ўзнікала сварак.
Цяпер моцны ціск здзяйсняецца на людзей у пагонах, на іх сем'і. І, я лічу, гэта неразумна. Той, хто здзейсніў злачынства, павінен сам адказваць за яго, а не яго блізкія або сваякі. Да таго ж — яшчэ раз паўтаруся — не трэба ўсіх раўняць пад адзін грабянец.
Мне б хацелася папрасіць прабачэння ў людзей, якія так ці інакш пацярпелі ад рук сілавікоў, за ўвесь той боль, што яны зведалі. Мне сорамна за тое, што ў нашай прафесіі, якую раней паважалі і шанавалі, ёсць такія людзі. І яны, я лічу, павінны адказаць па законе.
Я хачу, каб народ не думаў, што ўсе супрацоўнікі міліцыі — вырадкі. Я хачу, каб пасля маіх слоў стаўленне да міліцыі змянілася ў лепшы бок.
Паводле www.intex-press.by. Пераклан НЧ