Сяргей Навумчык не выключае, што пасля завочных прысудаў апанентаў улады будуць ліквідаваць за мяжой
Палітык і журналіст Сяргей Навумчык на сваёй старонцы ў фэйсбуку паразважаў пра завочныя суды ў Беларусі і іх наступствы.
«Можна, канешне, пасьмяяцца з увядзеньня завочных судоў над палітычнымі апанэнтамі рэжыму, якія цяпер у замежжы, — напісаў Сяргей Навумчык. — Але нікога ня зьдзівіць, калі па нейкіх справах лукашысцкі суд вынесе сьмяротныя вэрдыкты. Таксама, варта прыгадаць заявы сілавікоў, што «достанем везде» і аўдыёзапіс у кабінэце старшыні КДБ, дзе той гаворыць пра групы, засланыя на Захад для зьнішчэньня апазыцыянэраў (зроблены яшчэ да падзеяў 2020-га).
І калі мы пераканаліся, што КДБ, увогуле сілавікі перанялі поўны арсэнал мэтадаў НКВД (і нават «узбагацілі» яго) — ня варта забывацца, што ў ім існавала практыка ліквідацыі за мяжой няўгодных.
Падаецца, спэцслужбы дэмакратычных краінаў з усяго гэтага павінны зрабіць належныя высновы. Але галоўны першы крок павінны зрабіць палітыкі — пэўныя лукашысцкія структуры павінны быць прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі».
Пра ўвядзенне ў Беларусі завочных судоў стала вядома ў чацвер, калі адпаведны закон падпісаў Лукашэнка. Рэжым асабліва не хавае, што гэты закон скіраваны на пераслед палітычных эмігрантаў. Мяркуецца, што ім будуць выносіць прысуды, у тым ліку пазбаўляць маёмасці.