Самыя закрытыя ведамствы для журналістаў: ААЦ, Мінінфарм і КДБ — вынікі апытання

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» апытала калег адносна таго, наколькі лёгка ім атрымліваць інфармацыю ад асноўных дзяржаўных ведамстваў і арганізацый.

comments.png

Удзел у апытанні ўзялі 50 аўтараў вядучых дзяржаўных і недзяржаўных выданняў: «Советская Белоруссиия», «Звязда», «Наша Ніва», «Комсомольская правда» в Белоруссии», «TUT.BY», БелаПАН і шэрагу іншых. Калег прасілі ацаніць адкрытасць таго ці іншага ведамства для працы з журналістамі па дзесяцібальнай шкале.
Максімальныя адзнакі традыцыйна атрымалі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, сістэма судоў Беларусі, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства лясной гаспадаркі.
Самымі ж закрытымі журналісты назвалі Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Беларусі, Міністэрства інфармацыі і Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
Агульныя нараканні журналістаў да ведамстваў, дзе кепска пастаўлена праца са СМІ: немагчымасць аператыўна атрымаць інфармацыю ў адказ на зварот, адсутнасць інфармацыі на сайце ведамства, прыярытэтнае прадастаўленне інфармацыі дзяржаўнаму інфармагенцтву «БелТА».

— Вынікі апытання яскрава дэманструюць, наколькі гатовы сёння міністэрствы і ведамствы выконваць свае прамыя абавязкі — прадастаўляць журналістам аператыўную і дакладную інфармацыю ў межах сваёй дзейнасці. Сюды ўваходзіць праца прэс-службаў, адказы на звароты, распаўсюд афіцыйнай інфармацыі і іншае.
Безумоўна вельмі прыемна бачыць, што многія дзяржустановы вельмі прафесійна і адказна працуюць са СМІ. Але ў той жа час журналісты амаль кожны дзень сутыкаюцца з перашкодамі ў атрыманні інфармацыі ад дзяржаўных міністэрстваў і ведамстваў.
І вельмі прыкра, што самыя нізкія балы ад калег ізноў атрымліваюць такія важныя органы, як ААЦ, Мінінфарм і КДБ. Мне падаецца, гэтым арганізацыям трэба задумацца над зменай падыходаў да працы, — гаворыць аўтар даследвання, сябра Рады ГА «БАЖ» Барыс Гарэцкі.
Важна, што журналістаў у межах апытання прасілі ацэньваць толькі тыя дзяржаўныя структуры, з якімі яны непасрэдна працуюць. Таму ў выніковую табліцу для большай дакладнасці ўвайшлі толькі ведамствы, працу якіх ацанілі як найменш 10 прадстаўнікоў СМІ.
Нагадаем, што ў 2013 і 2015 гадах ГА «БАЖ» ужо праводзіў падобныя апытанні. Тады найгоршай журналісты назвалі працу Міністэрства інфармацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама Міністэрства аховы здароўя.
Паводле baj.by