Родным застрэленага сілавікамі ў Брэсце мужчыны зноў не аддалі яго цела для пахавання
У сераду, 19 жніўня, у ваенным шпіталі Мінска памёр 44-гадовы брэстаўчанін Генадзь Шутаў, у якога сілавікі стрэлілі падчас пратэстаў. Родным Генадзя і сёння, у пятніцу 21 жніўня, не аддалі яго цела для пахавання. «Раней панядзелка, сказалі, дакладна не аддадуць», — распавяла TUT.BY дачка Анастасія.
Сям'я раней планавала хаваць загінулага сёння, 20 жніўня, у Жабінцы, дзе ён нарадзіўся.
Нагадаем, у сераду, 19 жніўня, мужчына памёр у ваенным шпіталі ў Мінску. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Брэста падчас пратэстаў. Быў дастаўлены ў мясцовую бальніцу, а затым на верталёце з Брэста ў Мінск яго транспартавалі ў несвядомым стане з дыягназам «Адкрытае пранікальнае агнястрэльнае раненне чэрапа. Удар — размазджэранне галаўнога мозгу. Шматаскепачны пералом звода чэрапа з пераходам на аснаванне».
Пасля смерці Генадзя ў аддзеле судовых экспертыз № 3 сям'і казалі, што ўскрыццё зробяць як мага хутчэй. У чацвер з дочкамі звязаліся з мінскага морга, сказалі, якую труну трэба замовіць — і сям'я ў той жа дзень выехала ў сталіцу. Але цела ім не аддалі, спаслаўшыся на тое, што «гэтае пытанне можа быць разгледжана толькі пасля правядзення неабходных даследаванняў. У сярэднім экспертыза праводзіцца ад 2 да 4 тыдняў». Цела можа знаходзіцца ў экспертаў да таго часу, пакуль не будуць праведзены ўсе неабходныя даследаванні. Потым свой дазвол на выдачу павінен даць СК: у артыкуле 29 Закона РБ «Аб пахаванні і пахавальнай справе» гаворыцца, што цела памерлага выдаецца з пісьмовага дазволу органа, які прызначыў экспертызу.
Генадзь — трэцяя ахвяра акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Першай стаў Аляксандр Тарайкоўскі — ён загінуў 10 жніўня ў Мінску каля «Пушкінскай», яго пахавалі 15 жніўня. 11 жніўня пасля затрымання памёр Аляксандр Віхор, яго праводзілі ў апошні шлях 16 жніўня.
Нагадаем, учора СК агучыў сваю версію гібелі Генадзя Шутава. Як сцвярджаюць следчыя, 11 жніўня ў Брэсце двое мужчын «напалі на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». Мужчыны нібыта білі сілавікоў металічнай трубой, «а таксама распачалі спробу завалодання агнястрэльнай зброяй, што пацвярджаецца наяўнымі ў следства матэрыяламі».
— Папярэдне ўстаноўлена, што, перарываючы супрацьпраўныя дзеянні тых, хто нападаў, праваахоўнікі ўжылі фізічную сілу. Адзін з іх, успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і перарываючы спробы завалодаць табельнай зброяй, ужыў у дачыненні да таго, хто нападаў зброю, стрэліўшы ў напрамку пляча. Аднак з прычыны працягу актыўнага супраціву мужчыны ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы, — паведамляў Следчы камітэт.
Сям'я настойвае, што Генадзь ні ў якіх масавых беспарадках не ўдзельнічаў. Па характары ён спакойны і ўраўнаважаны, працаваў дальнабойнікам, захапляўся байкамі. Дома практычна не бываў з-за частых камандзіровак. У яго засталося пяцёра дзяцей, малодшаму — 3 гады.