Развітанне з Міхасём Чарняўскім — пад шчымлівыя гукі дуды
Пад шчымлівыя гукі дуды і пранікнёныя словы духоўнага гімну беларусаў «Магутны Божа» 22 студзеня мы развіталіся з Міхасём Чарняўскім — светлым, гарманічным і прыгожым чалавекам, які ўвасобіў лепшыя якасці беларусаў — любоў да роднай зямлі, цярпімасць да іншадумства, змагарны дух, глыбокі розум, добразычлівасць, тонкі гумар, ураўнаважанасць, разважлівасць, сціпласць, немнагаслоўнасць, уменне слухаць і чуць іншага…
Развітацца са спадаром Міхасём прыйшлі не толькі родныя і сваякі, але і шмат іншых людзей — калег, сяброў і вучняў. Сярод іх — археолагі і гісторыкі, мастакі і музыкі, пісьменнікі і журналісты, палітыкі і грамадскія дзеячы, студэнты і аспіранты. Больш за сто чалавек. Усіх нас аб’яднала глыбокая павага да цэльнай асобы Чарняўскага і адданасць справе беларускага нацыянальнага адраджэння, якой спадар Міхась прысвяціў сваё жыццё.
Таму і словы, каторыя прамаўляліся ля яго труны, былі шчырымі і высокімі.
Доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў назваў Міхася Чарняўскага «нацыянальным героем Беларусі», якога ў свой час, наколькі маглі, баранілі першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў і акадэмік Іларыён Ігнаценка, «прыкладам беларускага палітыка і інтэлігента». «Я сёння ўпершыню задумаўся — а вось калі б гэты чалавек выступаў з вышэйшай трыбуны, калі б гэты чалавек выступаў у дыскусіях і паказваў прыклад, як што можна рабіць — як бы было ўсё па-іншаму. На жаль, вельмі часта, калі развітваемся, мы разумеем, што можа недаацэньваем, не дапамагаем, не падштурхоўваем, не хвалім адзін аднаго, а толькі — ў апошнія моманты», — сказаў Голубеў.
З ліста старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка: «…гэта быў чалавек-глыба, чалавек-беларуская скала, такі, як Лявон Баразна, Генадзь Каханоўскі, Яўген Кулік. А гэта ўсё людзі, на падвалінах якіх вырастала вольная незалежная Беларусь. На такіх людзях і будзе яна трымацца».
Старшыня ТБМ, археолаг і гісторык Алег Трусаў назваў Міхася Чарняўскага «волатам беларускага адраджэння», якога можна параўнаць з такімі асобамі, як Вацлаў Ластоўскі, браты Луцкевічы і Міхась Ткачоў. «Менавіта па прыкладу спадара Міхася я ў 1982 годзе цалкам перайшоў на беларускую мову, калі першы раз пабыў ў яго сям’і і пачуў, што ён прынцыпова гаворыць па-беларуску ў любых абставінах», — сказаў Трусаў. Ён звярнуў увагу на тое, што Чарняўскі «кансалідаваў нацыю» і пайшоў у лепшы свет у перыяд святкавання 150-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. «Менавіта Каліноўскі быў для Чарняўскага прыкладам і ён акцэнтаваў увагу на тым, што правадыр паўстання не ўцёк у Парыж, а пайшоў на шыбеніцу і яшчэ лісты з-пад яе напісаў. Дзякуючы Чарняўскаму, Беларусь захавала мову, гісторыю і стала незалежнай», — падкрэсліў Трусаў.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў: «Міхась Чарняўскі быў і застаецца ў нашай памяці беззаганным рыцарам беларускай нацыянальнай ідэі. Пры гэтым ён быў неверагодна шляхетным чалавекам». «Ён, на маю думку, валодаў і ўласцівасцямі прарока. Я памятаю, як у 1970-я гады ён так пераканана гаварыў, што гэтая імперыя ляснецца і Беларусь здабудзе незалежнасць. І таму мы абсалютна заслужана называем яго адным з бацькоў нашай незалежнасці і бездакорным маральным аўтарытэтам».
Паэт Алесь Разанаў: «Міхась Чарняўскі заўсёды быў у дарозе. У сваіх справах ён адкрываў і здабываў Беларусь. У ім прысутнічала нейкая таямніца, ён ведаў больш, чым гаварыў і змяшчаў больш, чым уяўлялася».
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што дзякуючы такім людзям, як Міхась Чарняўскі, з кожным днём ўсё больш паўстае народу з насельніцтва, каторае жыве на Беларусі.
Міхася Чарняўскага пахавалі на радзіме — у вёсцы Круці Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Няхай пухам яму будзе родная зямелька…