Рассельгаснагляд зноў незадаволены беларускай прадукцыяй

Рассельгаснагляд заявіў пра новыя выпадкі паступлення з Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

moloko_2.jpg

У сувязі з выяўленнем тэтрацыкліну ў ахалоджанай ялавічыне, вырабленай беларускім прадпрыемствам «Партнёр і К», Рассельгаснагляд 23 сакавіка часова абмяжуе пастаўкі прадукцыі з гэтага прадпрыемства на расійскі рынак.
Акрамя таго, Рассельгаснагляд заявіў, што ўводзіць рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да прадукцыі трох беларускіх прадпрыемстваў. Так, расійскае ведамства мае намер пільна правяраць прадукцыю мясаперапрацоўчага комплексу ААТ «Беларуськалій», Дзятлаўскага сыраробнага завода і Пастаўскага малочнага завода. Прынятае рашэнне Рассельгаснагляд аргументуе тым, што ў прадукцыі названых прадпрыемстваў выяўленыя антыбіётыкі.
Расійскае ведамства таксама паведамляе, што праінфармавала ветэрынарную службу Беларусі пра прэтэнзіі да якасці прадукцыі чатырох прадпрыемстваў («Бабулін гладыш», «Белрыба», «Мілкавіта», Полацкі малочны камбінат).
З-за прэтэнзій Рассельгаснагляда да беларускай прадукцыі з лютага паміж Масквой і Менскам па гэтым пытанні ідуць пастаянныя перамовы. 19 сакавіка расійскія спецыялісты пачалі інспектаванне васьмі беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў.
Паводле Радыё Рацыя