Рада беларускай інтэлігенцыі не будзе вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты

Грамадзянская ініцыятыва “Рада беларускай інтэлігенцыі” не будзе вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты. Такое рашэнне было прынятае вечарам 20 чэрвеня ў Мінску на чарговым пасяджэнні рады.



get_img113.jpg

Уладзімір Колас. Фота www.nv-online.info

Як адзначыў старшыня РБІ вядомы беларускі кінарэжысёр і педагог Уладзімір Колас, рада не мае адпаведных базы, структуры і рэсурсаў дзеля паўнавартаснага ўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў якасці гульца. “Мы заўсёды знаходзіліся над схваткай, бо нашае крэда і прызначэнне іншаезыходзячы з інтарэсаў беларускай нацыі, маральнасці і здаровага сэнсу фарміраваць незаангажаваную, адэкватную пазіцыю і прапановы, а таксама называць рэчы сваімі імёнамі”, — падкрэсліў Уладзімір Колас.

Паводле ягоных словаў, рада па-ранейшаму адстойвае не імітацыю ўдзелу асобных кандыдатаў ад апазіцыі у выбарах галавы дзяржавы дзеля задавальнення іх асабістых амбіцый, а стварэнне кааліцыі дэмакратычных сілаў вакол адзінага кандыдата дзеля кансалідацыі высілкаў, заваявання падтрымкі бальшыні выбаршчыкаў пад час галасавання і сапраўднай перамогі на выбарах над кандыдатам уладаў.

Разам з тым, сябра рады генерал Валеры Фралоў вырашыў прыняць удзел у выбарах кіраўніка дзяржавы. На ягоную думку, калі шэраг прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у якасці прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі пачнуць працу з рознымі катэгорыямі грамадзянаў, у тым ліку з ветэранамі, афіцэрамі, чыноўніцтвам, прадпрымальнікамі, інтэлігенцыяй, рабочымі і сялянамі, прычым прыярытэтам гэтай працы будуць інтарэсы Бацькаўшчыны, а не задавальненне асабістых амбіцый, дык перад самымі выбарамі можна з шэрагу прэтэндэнтаў вылучыць адзінага кандыдата на пасаду галавы дзяржавы. Гаворка ідзе пра тое, каб зняцца з выбараў усім прэтэндэнтам дзеля падтрымкі аднаго, які па выніках незалежных сацыялагічных апытанняў будзе карыстацца найбольшай папулярнасцю сярод грамадзянаў, сказаў Валер Фралоў. Ён падкрэсліў, што ягоная ініцыятыва па ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах атрымала нечакана вялікую падтрымку ў розных колах грамадства.    

На думку мовазнаўцы Лявона Баршчэўскага, беларускія дэмакратычныя сілы павінны не пазней верасня бягучага году вызначыцца з кандыдатам на пасаду прэзідэнта краіны, які будзе стаяць на пазіцыях нацыянальнага адраджэння і ўяўляць сабою альтэрнатыву праўладнаму кандыдату.