Праваабарончаму цэнтру «Вясна» — 20 гадоў

26 красавіка 1996 года лічыцца днём узнікнення праваабарончай ініцыятывы «Вясна–96», якая  пазней ператварылася ў Праваабарончы цэнтр «Вясна». У гэты дзень актывісты арганізаваліся для пошуку затрыманых удзельнікаў акцыі «Чарнобыльскі шлях–1996».

viasna20_loga.jpg



Падзеі вясны 1996-га апісаў у сваіх успамінах старшыня праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі:



«Вясна 96-га года запомніцца назаўсёды шэрагам буйных спантаных акцый, якія прайшлі ў «свядомым» Мінску, бунтам вольнасці незадаволеных менчукоў. (…)

Вясной 96-га Лукашэнка вырашыў даць бой вулічнай дэмакратыі. І калі акцыі 15 сакавіка (Дзень Канстытуцыі), 24 сакавіка (святкаванне Дня Незалежнасці) і 2 красавіка (дэманстрацыя пратэсту супраць саюзнай дамовы) прайшлі адносна спакойна, дык 26 красавіка, на Чарнобыльскі шлях, міліцыя атрымала дазвол на гвалт.

26—27 красавіка было арыштавана некалькі сотняў асобаў. Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык патрапілі ў СІЗА, яны абвясцілі галадоўку, якую трымалі па тры тыдні, аж пакуль іх, пад ціскам Ельцына, не выпусціў Лукашэнка.

27 красавіка было арыштавана амаль усё кіраўніцтва БНФ. За кратамі апынуліся Юры Хадыка, Вячаслаў Сіўчык, Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч ды іншыя. Было адчуванне, што можа настаць і наступная хваля рэпрэсій і мы пойдзем следам за арыштаванымі. Але ўлады праз некалькі дзён адкруцілі назад, і Вячорка з Баршчэўскім былі выпушчаныя.

Трэба было штосьці супрацьстаўляць гэтаму дзяржаўнаму гвалту. Неўзабаве на офісе БНФ па маёй ініцыятыве была сабрана група людзей, у якую ўваходзілі Галіна Вашчанка, Мая Кляшторная ды яшчэ некалькі асобаў, і якая распачала тэрміновыя дзеянні па зборы інфармацыі пра затрыманых, пошук дапамогі сем’ям. Хутка такую дапамогу ў выглядзе харчоў — макароны, алей, крупа — мне перадаў адзін з маіх добрых знаёмых, прозвішча якога пакуль што яшчэ рана называць. У музеі Багдановіча мы з супрацоўнікамі музея фасавалі гэтыя харчы ў поліэтыленавыя пакеты з фірменным знакам музея Багдановіча, а затым раздавалі пацярпелым ды іх сем’ям. Так, завезлі добры ворах харчоў дадому сем’ям Юрася Хадыкі ды Вячаслава Сіўчыка, якія яшчэ знаходзіліся ў вязніцы.

З 1996 года ў мяне захавалася копія заяўкі на пікет каля Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, падпісаная мною і яшчэ адным мінскім дэпутатам Уладзімірам Несцерам, дзе мы прасілі дазволіць нам правесці пікет 28 жніўня з 11.00 да 16.00 з тэмаю «Спыніць пераследаванне грамадзян па палітычных матывах». Напалоханыя грамадскай актыўнасцю ўлады пачалі перашкаджаць нават у правядзенні чыста культурніцкіх акцый. Так, 25 траўня ў дзень памяці Максіма Багдановіча каля яго помніка, дзе традыцыйна збіраліся людзі і музей Максіма Багдановіча праводзіў традыцыйную імпрэзу з выступамі і музычнай часткаю, былі затрыманыя некалькі чалавек, а на мяне, на той час яшчэ дырэктара музея Максіма Багдановіча, як на арганізатара «несанкцыянаванай акцыі» склалі пратакол і спрабавалі асудзіць.

Такі быў пачатак дзейнасці Праваабарончага цэнтра «Вясна». Таксама ад пачатку я ствараў хроніку рэпрэсаваных, першы варыянт якой з’явіўся ў кніжцы «Менская Вясна 96», а затым яна рэгулярна папаўнялася ў Беларускіх ведамасцях, якія на эміграцыі пачаў выдаваць Зянон Пазняк. Фіксацыя парушэнняў правоў чалавека стала адной з галоўных задач».

15 чэрвеня 1999 года арганізацыя была зарэгістраваная як Грамадскае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр «Вясна». Уяўляе сабой рэспубліканскае аб’яднанне з цэнтрам у Менску і рэгіянальнымі філіямі ў большасці буйных гарадоў Беларусі.

Рашэннем Вярхоўнага суда Беларусі 28 кастрычніка 2003 года за ўдзел у назіранні падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Праваабарончы цэнтр «Вясна» быў беспадстаўна пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі, а 6 сакавіка 2004 года быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю за правы чалавека (FIDH).


spring96.org



 
https://spring96.org/be/news/82905