Пенсійная сістэма: загасаючыя ваганні

У адказах на пытанні дэпутатаў пасля чытання штогадовага паслання Лукашэнка блытана, але цалкам вызначана выклаў сутнасць сваіх стасункаў з афіцыйнымі прафсаюзамі. На яго месцы Сталін назваў бы іх прываднымі пасамі сваёй палітыкі. Але форма выказвання думкі сутнасці не мяняе – у Беларусі так званыя прафсаюзы з'яўляюцца спецыфічнай ячэйкай дзяржаўнага апарату.

У адказах на пытанні дэпутатаў пасля чытання штогадовага паслання Лукашэнка блытана, але цалкам вызначана выклаў сутнасць сваіх стасункаў з афіцыйнымі прафсаюзамі. На яго месцы Сталін назваў бы іх прываднымі пасамі сваёй палітыкі. Але форма выказвання думкі сутнасці не мяняе – у Беларусі так званыя прафсаюзы з'яўляюцца спецыфічнай ячэйкай дзяржаўнага апарату.
Лукашэнка, пра што з гонарам паведаміла ўся неадчувальная да палітычных і маральных нюансаў прэса, адкрыта заявіў аб тым, што старшыня ФПБ Леанід Козік выконвае яго загады ў даручанай грамадскай арганізацыі. Таму ўсё зыходзячае ад ФПБ ідэалагічнае, палітычнае і практычнае ўздзеянне на грамадства варта лічыць адаптаваным варыянтам высокіх адміністрацыйных задумаў. Часам гэтыя задумы агучваюцца ў выглядзе вынікаў ледзь ці не дыскусійнага абмену думкамі паміж прафбосам і адміністратарамі. У прыватнасці, у кастрычніку мінулага года Анатоль Тозік выказаўся на карысць пенсійнай рэформы: «Я пакуль магу асабістае меркаванне выказаць. Лічу, што нам трэба думаць і аб павышэнні пенсійнага ўзросту, але думаць так, каб чалавек быў сам зацікаўлены пазней сысці на пенсію, таму што пенсія будзе значна вышэйшая». Цікава, што віцэ-прэм'ер выказаўся праз месяц пасля зробленай падчас сустрэчы Лукашэнкі з Козікам заявы пра тое, што пенсійны ўзрост павышацца ня будзе.
Вось такі, разумееце, дэмакратычны плюралізм. Прэзідэнт з прафсаюзамі схліснуліся ў пятлі адкрытага папулізму, а ўрад выказвае занепакоенасць рэальным станам рэчаў. Бо насамрэч грамадства старэе, колькасць насельніцтва скарачаецца, нараджальнасць зніжаецца, колькасць асобаў пажылога веку расце за кошт скарачэння долі працаздольнага насельніцтва. У сілу гэтых прычынаў, трэба меркаваць, Анатоль Тозік загаварыў пра неадкладнае пенсійнае рэфармаванне – у краіне ўжо 2,5 млн. пенсіянераў на 4,5 млн. працуючых, і гэтае стаўновішча будзе толькі пагаршацца.
Разам з тым было сказана, што ўрад будзе выпрацоўваць і прапаноўваць такі прымальны для грамадства і пад'ёмны для краіны варыянт. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што актыўны характар дэмаграфічнай і сацыяльнай палітыкі ўладаў пастаянна падкрэсліваецца прапагандысцкімі сродкамі, і напярэдадні самых важных палітычных кампаніяў у іх знаходзяць мноства пазітыўных і дынамічных момантаў. Хоць насамрэч гэтая палітыка не выходзіць за рамкі нясмелай і неадэкватнай спробы змякчыць самыя негатыўныя наступствы рэальных дэмаграфічных і сацыяльна-палітычных працэсаў.
Некалькі гадоў таму, калі ў рэпрадуктыўны ўзрост ўступіла шматлікае пакаленне сярэдзіны 80-х гг., загаварылі пра бэбі-бум. А сёння чыноўнікі выказваюць занепакоенасць праблемай выканання плана набору студэнтаў і навучэнцаў у навучальныя ўстановы. Хоць год таму быў перанабор. Як паказвае дэмаграфічная статыстыка, працэс развіваецца даволі немудрагеліста. Натуральнае змяншэнне насельніцтва па прычыне перавышэння смяротнасці над нараджальнасцю працягваецца 19-ы год запар, а штогадовыя адхіленні вызначаюцца схемай: на год павелічэння колькасці шлюбаў прыходзіцца памяншэнне ліку разводаў (вынік скарачэння шлюбаў у папярэднія гады) і рост нараджальнасці, пасля расце колькасць разводаў і нараджальнасць зноў падае.
Увогуле, арэлі, але ваганні згасаючыя.
Трэба нешта насамрэч рабіць, бо ўтрыманне растучага войска пенсіянераў становіцца непасільным для працуючых. У нас жа дзейнічае салідарная пенсійная сістэма: пенсійныя ўзносы працуючых ідуць на ўтрыманне цяперашніх пенсіянераў, а цяперашніх работнікаў па выхаду на пенсію давядзецца ўтрымліваць цяперашняй моладзі, колькасць якой скарачаецца.
Іншымі словамі, усё больш заяўляе пра сябе праблема павышэння пенсійнага ўзросту, прызнаная самай актуальнай для сацыяльнай палітыкі практычна ўсіх дэмакратычных дзяржаваў. Зразумела, такія меры непапулярныя, таму ўлады пазбягаюць радыкалізму ў іх правядзенні. Напрыклад, павышэнне ўзросту выхаду на пенсію расцягваецца ў часе і павялічваецца на некалькі месяцаў у год. У прыватнасці, так робіцца ў Польшчы і Латвіі.
Менш пенсіянераў, больш працуючых, вышэйшыя пенсіі. У перспектыве. А ў кожны канкрэтны момант правядзення рэформы ўзровень незадаволенасці насельніцтва падымаецца да галавакружных вышынь. Калі існуе і выконваецца дэмакратычная працэдура змены ўлады, то такія рэформы праводзяцца. Калі ж працэдуры няма, як у Беларусі, то ўлада не можа адважыцца на такія адкрыта непапулярныя меры. Таму «фіскальныя намеры» ўкладаюцца ў слоўную шалупіну і рэалізуюцца ў даволі супярэчлівай форме. Прыкладам чаго можа служыць Указ № 136 “Аб мерах па ўдасканаленні пенсійнага забеспячэння грамадзян, якім Лукашэнка ўстанавіў схему стымулявання больш позняга выхаду на пенсію. Вельмі верагодна, што гэты дакумент выкліча цікавасць значнай часткі пенсіянераў, якія захавалі сілу і здароўе для працягу працоўнай дзейнасці. Яны могуць, адмовіўшыся ад пенсіі, працягваць працаваць на працягу пяці гадоў з тым, каб пасля атрымаць значна больш высокую пенсію.
Відавочна, указ адрасаваны ў першую чаргу жанчынам, якія маюць большую сярэднюю працягласць жыцця. Тыя з іх, хто пагодзіцца згуляць па новых правілах, насамрэч выйдуць на пенсію ў 60 гадоў. Калі досвед стане масавым і паспяховым, яго проста распаўсюдзяць на астатнія катэгорыі.
Ва ўсім гэтым ёсць логіка. Аднак варта ўлічваць, што каля 2/5 ўсіх мужчын у нас не дажываюць да 60 гадоў. Яны пенсійнай сістэмай не карыстаюцца, але фінансуюць яе цягам ўсёй працоўнай дзейнасці. У нас дзяржава не адрозніваецца трапяткім стаўленнем да індывідуальнага жыцця, але тут гаворка ідзе пра нахабнасць выварочвання кішэняў. Такім чынам, простым павелічэннем пенсійнага ўзросту праблему вырашыць нельга. Шмат у чым гэтую меру можна лічыць скасаваннем пенсійнай сістэмы наогул.
Па-другое, пасля 40 гадоў (пра гэта ўсе ведаюць) у Беларусі вельмі цяжка знайсці працу, знайсці занятасць па прафесіі, а пасля 50-ці – практычна немагчыма. Хоць заканадаўча па масавых прафесіях забароненая дыскрымінацыя пры прыёме на працу па ўзросце, усе аб'явы аб найманні ўтрымліваюць ўказанні на такія абмежаванні. Нават тыя з іх, якія распаўсюджваюцца дзяржслужбай занятасці.
Прававы нігілізм ў нашай краіне б’е правапарадак. Па гэтай прычыне павелічэнне пенсійнага ўзросту пагражае рызыкай росту застойнага беспрацоўя сярод асобаў пажылога ўзросту.
Увогуле, праблемаў мноства. Кожная з іх патрабуе спецыяльнага вывучэння.

Агенцтва палітычнай экспертызы, belinstitute.eu (пераклад arche.by)