Пасля карцару Дзяніс Івашын схуднеў, вярнуліся праблемы з сэрцам
Жонка журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына Вольга на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісала пра спадзяванне, што мужа накіруюць на абследаванне.
![ivashyn_mvbuh.jpeg ivashyn_mvbuh.jpeg](/img/v1/images/ivashyn_mvbuh.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«За апошнія дні Дзяніс Івашын заўважна схуднеў, што досыць складана ўявіць, бо і так ён мае хударлявы выгляд. Наступствы карцару, відавочна. Як і праблемы з сэрцам, якія павярнуліся. Медык, які аглядаў Дзяніса пасля ягонага выкліку, мае намер зрабіць яшчэ адно ЭКГ-даследванне і выклікаць да нашага ваяра кардыёлага з паліклінікі. Калі адміністрацыя вязніцы не ўмяшаецца ў працэс кантролю за здароўем вязняў у стылі “ну вы ж усё разумееце” і не скасуе выклік, то гэта будзе ўжо другі агляд Дзяніса па-завязнічным адмыслоўцам. Спадзяемся, ён нарэшце прыме рашэнне накіраваць Дзяніса на паглыбленае даследаванне, а не абмяжуецца стандартнымі адпіскамі пра “все хорошо, прекрасная маркіза”», — напісала Вольга Івашына.
Яна дадала, што вязні і непрывілеяваныя супрацоўнікі гродзенскайтурмы працягваюць мерзнуць без ацяплення.
![Вольга Івашына: За кратамі Дзяніс перажыў асабістую сустрэчу з Богам Вольга Івашына: За кратамі Дзяніс перажыў асабістую сустрэчу з Богам](/img/v1/images/img_20210919_003616_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Дзяніс Івашын быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у сябе дома 12 сакавіка і ўжо восьмы месяц утрымліваецца ў гродзенскай турме. Нашаму калегу выставілі артыкул 365 Крымінальнага кодэкса — Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў. Нядаўна стала вядома, што Дзянісу прад'явілі яшчэ адно абвінавачанне, але якое — не ведаюць нават родныя.
Ніякіх следчых дзеянняў з яго ўдзелам па-ранейшаму не адбываецца.
Падтрымаць Дзяніса Івашына лістамі можна па адрасе: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.