Памерла Валерыя Навадворская

У Маскве на 65-м годзе жыцця памерла журналіст, палітык і грамадскі дзеяч Валерыя Навадворская. «У суботу Валерыя Ільінічна была шпіталізавана ў адну са сталічных клінік, але выратаваць яе не ўдалося, яна памерла» сказала крыніца Інтэрфакса ў медыцынскіх колах.



valeriya_novodvorskaya.jpg

Лента.Ру удакладняе, што Навадворская паступіла ў цяжкім стане ў рэанімацыю аддзялення гнойнай хірургіі ГКБ № 13. Яна памерла ад інфекцыйна-таксічнага шоку. Інфармацыю пацвердзіў «Эху Москвы» віцэ-мэр па пытаннях сацыяльнага развіцця Леанід Пячатнікаў. «Яна доўга пакутавала цэлым шэрагам хранічных захворванняў і памерла ад ускладненняў, звязаных з адным з іх»,  —  сказаў ён. Валерыя Навадворская нарадзілася 17 мая 1950 года ў сям'і масквічоў — лекара і інжынера, да 9 гадоў жыла з бабуляй у Беларусі. Скончыўшы школу ў Маскве, Навадворская паступіла на французскае аддзяленне Інстытута замежных моў імя Марыса Тарэза, дзе арганізавала падпольную студэнцкую групу. 5 снежня 1969 г. у Крамлёўскім палацы з'ездаў студэнтка Валерыя Навадворская раскідала ўлёткі з антысавецкім вершам ўласнага сачынення «Дзякуй, партыя, табе!». Яе адразу ж арыштавалі па абвінавачванні ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе (арт. 70 КК РСФСР) і змясцілі ў адзіночную камеру Ляфортаўскай турмы. З лета 1970 па люты 1972 г. Навадворская знаходзілася на прымусовым лячэнні ў спецыяльным псіхіятрычным шпіталі ў Казані. 
Адразу пасля вызвалення ў 1972 Навадворская занялася распаўсюджваннем самвыдату. У канцы 1970-х спрабавала стварыць падпольную палітычную партыю для барацьбы з КПСС. У 1978 годзе стала адным з заснавальнікаў «Свабоднага міжпрафэсійнага аб'яднання працоўных». Аж да пачатку 1990-х гадоў Валерыя Навадворская падвяргалася сыстэматычным перасьледам — прымусовай шпіталізацыі ў псіхлякарні, допытам і ператрусам. Навадворскую тройчы судзілі за дысыдэнцкую дзейнасьць. З 1987 па май 1991 года яна арганізоўвала ў Маскве антысавецкія мітынгі і дэманстрацыі, 17 разоў затрымлівалася міліцыяй і падвяргалася адміністрацыйным арыштам. 
У 1988 Навадворская стала сузаснавальнікам партыі «Дэмакратычны саюз». 
Увосень 1993 падтрымала указ аб роспуску Вярхоўнага Савета, ладзіла мітынгі ў падтрымку прэзідэнта Барыса Ельцына. Удзельнічала ва ўстаноўчым з'ездзе блока «Выбар Расіі». У снежні 1995 года на выбарах у Дзярждуму 2-га склікання Навадворская ўвайшла ў выбарчы спіс Партыі эканамічнай свабоды. Тады ж Навадворская балатавалася ў маскоўскай аднамандатнай акрузе № 192, але прайграла. 
Навадворская паслядоўна выступала супраць імпэрскай палітыкі Расіі, рэваншу спецслужбаў, згортвання дэмакратычных правоў і свабодаў. Актыўна падтрымала ўкраінскую рэвалюцыю і барацьбу з расійскай агрэсіяй на ўсходзе Украіны. Навадворская таксама выступала з рэзкай крытыкай РПЦ. Сама яна хрысцілася ў 1990 годзе, належала да Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. 
Акрамя «Граняў» рэгулярна друкавалася ў часопісе The New Times, выступала на «Эхе Москвы», разам з Канстанцінам Баравым вяла відэаблог. 
Валерыя Навадворская — аўтар кніг «Над прорвай у хлусні», «Мой Карфаген мае быць разбураны», «Па той бок адчаю», «Развітанне славянкі», «Паэты і цары».
grani.ru