Палітвязень, які збег з «хіміі», уз'яднаўся з сям'ёй (фота)

Дзмітрыя Кулакова асудзілі на тры з паловай гады «хіміі» за тое, што ён абражаў і пагражаў гвалтам супрацоўнікам міліцыі ў тэлеграм-чаце. Днямі з'явілася паведамленне, што Дзмітрый збег з папраўчай установы і пакінуў межы Беларусі. Сёння Андрэй Шарэнда апублікаваў фота Дзмітрыя разам з сям'ёй.

Фота з фэйсбука Андрэя Шарэнды

Фота з фэйсбука Андрэя Шарэнды


"Самае пазітыўнае фота за апошнія месяцы! Ужо былы палітвязень Дзіма Кулакоў на волі з жонкай і дзецьмі!Жыве Беларусь!", — напісаў Андрэй Шарэнда.
Дзмітрый Кулакоў — жыхар Шуміліна, бацька дваіх малагадовых дзяцей.
Згодна з абвінавачваннем, у жніўні ён абражаў і пагражаў гвалтам супрацоўнікам міліцыі ў суполцы аднаго з мэсэнджэраў «Лепель для жыцця». Дзве з трох экспертыз паведамлення Кулакова ў мэсэнджары паказалі, што пагроз і абразаў у іх не было, і толькі трэцяя экспертыза прызнала, што пагроза прысутнічала.
Дзяржабвінаваўца запытваў шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён адзначыў, што дзеянні абвінавачанага падрываюць аўтарытэт улады і перашкаджаюць яе працы. «Я здзяйсняў розныя ўчынкі ў сваім жыцці, але не хацеў абразіць маёра Патоцкага, — сказаў Дзмітры Кулакоў у апошнім слове. — У мяне сям’я: праз гэтыя шэсць гадоў малодшае дзіця нават не ўспомніць мяне».
Суд даў яму 3,5 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Кулакоў адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №17 у Шклове.