Палітвязні: кожнаму — тыдзень
Ад сённяшняга дня ў Беларусі пачалася новая хваля салідарнасці з палітзняволеннымі. Гэтым разам яе абвесцілі сваякі і родныя «палітычных», і камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць». Кампанію можна назваць новай, цікаўнай, і працяглай.
Кіраўнік камітэта «Салідарнасць» Іна Кулей
Як распавяла журналістам на прэзентацыі кампаніі кіраўніца «Салідарнасці» Іна Кулей, людзі, якія несправядліва знаходяцца за кратамі, патрабуюць штодзённай падтрымкі — нягледзячы на лета, час адпачынкаў, вакацыі і гэтак далей. Менавіта таму, што зараз — лета, і вымагае нагадаць людзям пра тых, хто гэта лета пабачыць толькі з-за кратаў.
Сама кампанія носіць назву «Тыдзень салідарнасці». Але, як казалася вышэй, гэта не значыць, што праходзіць яна будзе толькі тыдзень. Тыдзень — гэта шырокае інфармаванне пра аднаго з палітзняволеных. Калі тыдзень сканчаецца, надыходзіць чарга іншага палітвязня, пра якога таксама будуць распавядаць наступны тыдзень.
Па словах Іны Кулей, гэтая кампанія адметная тым, што людзям не будуць казаць звыклыя рэчы пра палітвязняў. Бо наш народ і так ведае, што ёсць палітвязні, за што яны сядзяць, і збольшага ведаюць, у якіх умовах. Задума гэтай кампаніі — паказаць палітзняволенага як асобу, як чалавека.
«Мы, канешне, будзем казаць і прасіць, каб людзі пісалі словы падтрымкі палітвязням у турмы. Мы разнясем па офісах дэмакратычных структур адмысловыя паштоўкі, створаныя нашымі дызайнерамі для палітвязняў. Мы таксама разнясем і капэрты з іх адрасамі, каб кожны наведнік дэмакратычнай структуры мог бы напісаць ім ліст. Але гэта не галоўнае. Галоўнае — на нашым сайце salidarnasc.org. На ім кожны дзень будуць з’яўляцца цікавыя факты з біяграфіі палітычных зняволеных. Каб любдзі маглі мець уяўленне пра палітвязня не толькі як палітвязня, але і як чалавека», — адзначыла Кулей.
На яе думку, гэты «чалавечы твар» палітзняволеных, можа быць, выкліча ў некага імкненне не з пад палкі, не праз настойлівае запрашэнне, а праз тое, што чалавек за кратамі апынуўся цікавы і не такі адназначны, як ярлык «палітвязень».
Першы «Тыдзень палітвязня» ужо пачаўся. І пачаўся ён з Міколы Статкевіча. Былога вайскоўца, лідэра аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), былога кандыдата ў прэзідэнты. У першым апроведзе «Пяць прычын напісаць Міколе Статкевічу» распавядаецца, як узнікла «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў», кіраўніком якога быў Статкевіч, чым яно займалася і чаго дасягнула.
Першапачаткова падаецца, што гэтая гісторыя на сайце — вельмі сухая і амаль што статыстычная, як калонка ў энцыклапедыі. Але тым, хто зацікавіцца дзейнасцю БЗВ больш падрабязна, сапраўды варта напісаць ліст за краты ягонаму кіраўніку. І Статкевіча на ўспаміны праб’е, і пачуваць сябе ён будзе менш закінутым, і ўспаміны пра БЗВ «ад першай асобы» сапраўды цікавыя і карысныя. Чым не нагода пачаць ліставанне?
Бо для чаго існуюць лісты? Для таго, каб вязень не адчуваў сябе «забытым», кажа Іна Кулей. Сапраўды, праваабаронцы і родныя палітзняволенных кожны дзень думаюць пра вязняў. Але пра іх павінна думаць і грамадства, а не толькі зацыклівацца на адпачынку.
Жонка Статкевіча Марына Адамовіч таксама казала, што палітвязні вельмі радыя простым чалавечым рэчам, простай чалавечай ўваге. Бо вядома, што турма не курорт, аднак нават дробныя рэчы, якія вязню здаюцца святам, у нас могуць вызываць тут, на волі, жудасць. У гэтую спякоту, прыкладам, у турэмным дворыку для прагулак ёсць толкьі адно месца, куды свеціць сонейка. І ў гэтым месцы Статкевіч са сваім сукамернікам гуляюць па чарзе, па раскладзе. Толькі каб заспець сонца, якога больш яны не бачаць. У прагулачны дворык залятаюць неяк хрушчы, але вылецець назад не моогуць — сетка не дазвааляе. І палкоўнік Статкевіч збірае іх, каб выпусціць на волю праз вейчыкі турэмнай камеры… такія вось простыя радасці жыцця ў зняволенага.
Тыдзень палітвязня, канешне, закране не толькі беларусаў. Зразумела, ініцыятары кампаніі звярнуліся і да еўрапейскіх чыноўнікаў і дэпутатаў, каб яны таксама нейкім чынам падтрымалі палітвязняў. Прыкладам, паведаміла Іна Кулей, у падтрымку Статкевіча выказаўся ўжо Мартын Шульц — старшыня Еўрапарламента. Шульц, дарэчы, асабіста знаёмы са Статкевічам, і заявіў, што Еўрапарламент будзе патрабаваць не проста вызвалення палітвязняў, але і поўнай іх рэабілітацыі.
Заканчвацца «Тыдзень палітвязня» будзе сяброўскай размовай ахвотных людзей з роднымі палітзняволенных. Такія размовы будуць ладзіцца штопятніцу на офісе Руху «За свабоду». Адпаведна, першая размова — з жонкай Статкевіча Марынай Адамовіч.
«За дзевяць тыдняў, што ў нас засталіся да канца жніўня, мы паспеем распавесці пра дзевяць палітзняволенных. Але ж іх у нас больш, чым дзевяць, хаця па стандартах «Міжнароднай амністыі» у нас палітычных увогуле пяць. Але ж мы вызнаем палітвязнямі і тых, каму вынесеныя не прроста прысуды за ўяўную палітычную дзейнасць, але палітычна матываваныя прысуды. Мы лічым, што і такія людзі, прысуд якім быў абумоўлены палітычна, з’яўляюцца палітзняволенымі. Акрамя таго, пакуль мы праводзім кампанію салідарнасці з дзейснымі палітвязнямі, можа з’явіцца ў нас і яшчэ адзін — «віцебскі шпіён» Андрэй Гайдукоў. Ягоны працэс можна таксама лічыць палітычна матываваным», — кажа Іна Кулей.
Такім чынам, кампанія «Тыдзень палітвязня» наўрад ці спыніцца пасля жніўня. Яна, хутчэй, захопіць і верасень.